«У вадзе не тонуць, у агні не гараць». Дэсантнікі паказалі да чаго гатовыя


Дэманстрацыя ваеннай тэхнікі, фізічнай падрыхтоўкі ды баявых навыкаў пад стрэлы, выбухі і патрыятычныя песні – 90-годдзе адзначаюць паветрана-дэсантныя войскі. Традыцыя ўшанавання сініх барэтаў засталася ў Беларусі з Савецкага Саюзу, але ці патрэбная яна?

Пляцоўка ля Палацу спорту ў Менску сёння больш была падобная да зоны баявых дзеянняў. Менавіта тут разгарнулася паказальнае шоу дэсантных войскаў, што прадэманстравалі сваю гатовасць.

«Калі казаць пра агульны ўзровень баяздольнасці беларускай арміі, то трэба падкрэсліць, што ён даволі высокі. Тая ўвага, якая надаецца кіраўніцтвам Беларусі рэфармаванню беларускай арміі, – гэта ўсё наступства расейска-ўкраінскага канфлікту», – падкрэслівае дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсен Сівіцкі.

Беларускія вайскоўцы не бяруць удзелу ні ў адным канфлікце. Аднак пры гэтым, згодна з адмыслоўцам, апошнія гады ў мадэрнізацыю войскаў укладаюцца вялікія сродкі. І паводле Індэксу глабальнай мілітарызацыі, нашая краіна ўваходзіць у шэраг 15-ці найбольш узброеных. А дэманстрацыя вайсковай магутнасці зрабілася звыклаю справаю на дзяржаўных святах, улады называюць гэта элементам вайскова-патрыятычнага выхавання.

«Калі няма нацыянальнай выразнай ідэі, калі няма вельмі глыбокай пашыранай харызмы, персаналісцкай харызмы ў дыктатара, то на дапамогу дыктатарам прыходзіць мілітарысцкая ідэалогія», – падкрэслівае філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Мы запыталі людзей на вуліцах Менску, ці лічаць яны патрэбным правядзенне такога кшталту святаў.

«Каб пабачыць магутнасць нашу вайсковую, каб упэўніцца, што нашае войска на добрым рахунку».

«Людзі ж служылі, ім жа хочацца адзначыць тыя гады, што яны правялі на службе».

«Мы ўвогуле не на свята прыйшлі сюды, таму мне ён асабліва не патрэбны. Магчыма, калі людзі служылі, для іх гэта важна. А асабіста для мяне – не».

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў вайсковыя выступы, падкрэслівае Уладзімір Мацкевіч, могуць успрымацца як элемент запалохвання і стрымлівання пратэставых настрояў у грамадстве.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат».