У свеце можа з’явіцца попыт на дыктатуру?

Наталля Эйсмант, прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі, якая з 2014 года займае пасаду прэс-сакратара, гутарку з журналістам распачала з таго, як атрымала прызначэнне і фактычны загад ад Лукашэнкі: «Баяцца няма часу, ідзі і работай!» Аднак адразу пасля пусцілася ў развагі на тэму вольнасці апазіцыйных медыяў і месца дыктатуры ў нашай краіне.

«За дыктатураю ў нашым сённяшнім разуменні ў першую чаргу мы бачым, на мой погляд, парадак, дысцыпліну і цалкам нармальнае і спакойнае жыццё. Ды і што казаць, дыктатура – гэта наш брэнд!» – кажа Наталля Эйсмант.

Знікненне і пераслед палітычных апанентаў, разгоны дэманстрацыяў і мітынгаў, а таксама няспынны ціск на незалежныя медыі. І амаль 25 гадоў праўлення краінаю адной асобы. Ці такім брэндам маюць ганарыцца?

«Трэба называць рэчы сваймі імёнамі. Ці гэта дыктатура, ці гэта тое, што ты хочаш бачыць у гэтым, тое, што ты хочаш выдаць жаданае за сапраўднае».

«Дыктатура – гэта кепска. Але ўсялякае бывае».

«Дыктатура гэта калі адная асоба кіруе рэспублікай. Дастаткова?» – гавораць жыхары Віцебску.

У сваім інтэрв’ю Эйсмант таксама пацвердзіла тое, пра што шмат хто ўжо даўно здагадваецца.

«У атачэнні Лукашэнкі цяпер няма людзей, якія могуць даць яму нейкую альтэрнатыўную ацэнку, нейкія крытычныя погляды, нейкую нязгоду нават у дробязях», – каментуе Віталь Цыганкоў, аглядальнік Радыё «Свабода».

Што жа да дзіўных пасажаў пра дыктатуру, то, паводле эксперта, па-першае, прэс-сакратарка, напэўна, жадала сказаць, што Беларусь не самотная ў гэтым. Па-другое, што…

«Гэта нейкая дыктатура лайт, дыктатура такая лёгкая, якая нікому не перашкаджае, якая, насамрэч, толькі забяспечвае парадак, дабрабыт і г.д.» – дадае Віталь Цыганкоў.

Наталля Эйсмант, таксама вядомая як Кірсанава, – нарадзінка Менску і прафесійная акторка, вядоўца навінаў на БТ, а ейны муж Іван Эйсмант – кіраўнік «Белтэлерадыёкамапаніі». Паводле розных ацэнак, менавіта Наталля ўваходзіць у вельмі вузкае кола давераных асобаў Лукашэнкі і ўжо шмат часу стараецца не без поспехаў выпраўляць вобраз Аляксандра Лукашэнкі.

Кірыл Смяглікаў, belsat.eu

Глядзі таксама