У свеце каронавірусам заразіліся ўжо больш за 4 мільёны чалавек


У Беларусі згодна з афіцыйнай статыстыкай колькасць інфікаваных набліжаецца да 23 тысяч. Наша краіна працягвае ісці безкаранцінным шляхам, іншыя ж паступова паслабляюць уведзеныя праз пандэмію абмежаванні.

Пяты дзень запар у Беларусі колькасць інфікаваных каронавірусам павялічваецца на дзевяць соцень. Агулам ад пачатку эпідэміі, паводле афіцыйнай статыстыкі, заразіліся амаль 23 тысячы жыхароў краіны, памёр 131 чалавек.

Напярэдадні насуперак рэкамендацыям Сусветнай арганізацыі здароўя ў Менску адбыўся парад, прысвечаны Дню Перамогі, і святочны канцэрт.

Жыхары і госці Менску кажуць:

«Лепш змагацца з пандэміяй, чым ладзіць вось гэтыя нікому не патрэбныя мерапрыемствы».

«Мы прыехалі з Расеі спецыяльна, каб адзначыць тут 9 траўня. Тут у каронавірус вераць меней».

«У нас у медычным універсітэце медыкаў перавялі на дыстанцыйнае навучанне – нас усіх. І тое, што арганізоўваюць канцэрт, – гэта вельмі смешна, таму што ўзровень вырасце максімальна. Будзе шмат кантактаў. І так ужо няма месцаў у шпіталях. Гэта называецца гульня на выжыванне. Выжыве мацнейшы. Натуральны адбор».

«Калі ў чалавека добры настрой – яго вірусы не бяруць. Трэба выпрацоўваць калектыўны імунітэт. Вось мы яго і выпрацоўваем».

«Я больш перажываю за сваё здароўе, таму я лепш перастрахуюся лішні раз».

Тым часам краіны, у якіх быў уведзены каранцін, паступова змякчаюць абмежаванні. Гэтак, у Ізраілі адчыняюць дзіцячыя садкі ды яслі. Што праўда, колькасць гадаванцаў пакуль абмежаваная.

«Мы прыкладаем намаганні… Кожны з іх ведае, калі трэба мыць рукі. У пачатку дня мы таксама тлумачылі ім, як мыць рукі», – распавядае выхавацелька з Іерусаліму Рахэлі Грынбэрг.

Жыхары Францыі ўжо заўтра без важкай прычыны змогуць выйсці з дому на шпацыр. Пры гэтым наведаць буйныя гандлёвыя цэнтры, вялікія музеі, кінатэатры ды спартовыя залы не ўдасца. Яны застануцца зачыненыя.

«Я не асабліва хвалююся наконт заўтрашняга дня. Бізнес вяртаецца, але асабіста я збіраюся працягваць працаваць з дому», – кажа жыхар Парыжу Жан-Філіп Брутман.

У Кітаі пасля больш як трох месяцаў каранціну дазволілі аднавіць працу кінатэатрам. Праўда, гледачоў абавяжуць прыходзіць у масках і сядаць на бяспечнай адлегласці адзін ад аднаго.

ПандэмІя COVID-19 у свеце працягваецца. На сёння колькасць заражаных перакрочыла ўжо 4 мільёны. Найбольш пацярпелі ад каронавіруса ЗША, Іспанія, Італія, Вялікая Брытанія і Расея.

Анастасія Русецкая, «Белсат»