У свеце адзначаецца Дзень Зямлі


Зямля – наш агульны дом. Мы любім прайсціся па парку, цешымся прыгажосцю дзікай прыроды, зачаравана слухаем пералівы птушыных галасоў. І пры гэтым мала задумваемся, які след пакідаем штодня. Цяпер чалавецтва ахопленае турботамі пра каронавірус. Аднак і да гэтага перад людзьмі стаялі сурʼёзныя глабальныя выклікі.

«Самы галоўны глабальны выклік, які перад намі стаіць, – вядома, праблема змянення клімату, а таксама страта біяразнастайнасці. І ўсё гэта між сабою звязана. Гэты выклік нікуды не дзенецца і ўсё яшчэ з намі, нягледзячы на тое, што цяпер мы звяртаем увагу на бягучую праблему, сітуацыю з каронавіруснай пандэміяй», – падкрэслівае каардынатарка Таварыства «Зялёная сетка» Настасся Бекіш.

З кожным годам сімвалічны дзень перавыдатку рэсурсаў, то бок момант, калі чалавецтва выкарыстала болей абнаўляльных рэсурсаў, чымся планета можа даць нам за год, надыходзіць усё раней. Калі ў 2018 годзе гэты дзень быў 1 жніўня, то ў 2019 – 29 ліпеня. Яшчэ на пачатку двухтысячных гэтую мяжу мы міналі на пачатку кастрычніка.

«Толькі паўгода мы жывём адносна ў адпаведнасці з тымі лімітамі, якія можам сабе дазволіць. Затым наступныя паўгода мы ўжо жывём у крэдыт. Такім чынам нам неабходныя дзве планеты, каб захоўваць нашае навакольнае асяроддзе і сябе як чалавецтва ў здаровым стане», – кажа Настасся Бекіш.

У Дзень Зямлі экалагічныя арганізацыі прыцягвалі ўвагу да гэтых праблемаў праз публічныя імпрэзы. Пандэмія ўнесла свае карэктывы. «Белсат» прапанаваў прадстаўнікам экалагічных НДА звярнуцца да людзей з пажаданнямі ў гэты дзень:

«Калі мы будзем клапаціцца пра Зямлю – Зямля паклапоціцца пра нас. Калі мы будзем захоўваць нашыя лясы, балоты, жывёлу, траву, расліны – яны будуць захоўваць нас. Добрага Дня Зямлі. І нічога не бойцеся», – мяркуе чалец рады Грамадскага абʼяднання «Экадом» Ірына Сухій.

«Жадаю ў Дзень Зямлі ўсім выбраць больш экалагічны від транспарту, далучыцца да гэтага дзеяння і зразумець, што гэта класна. І ўсё часцей выкарыстоўваць і ровары, і самакаты, і іншыя сродкі персанальнай мабільнасці», – кажа намеснік дырэктара Грамадскай арганізацыі «Менскае роварнае таварыства» Максім Пучынскі.

«Мы, кожны паасобку, таксама маем вялікую сілу і нават у такіх умовах можам вырашаць экалагічныя праблемы, скарачаць колькасць пластыку ў тым ліку. І самае галоўнае – прыцягваць увагу да тых праблемаў, што цяпер ёсць у Беларусі», – падкрэслівае супрацоўніца Установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў» Марыя Сума.

І ўсё ж галоўнае, у чым сыходзяцца адмыслоўцы, – якія высновы чалавецтва зробіць па каронавіруснай хваробе ды як гэта паўплывае на клімат.

«Цяпер мы назіраем адкат у забруджанні. Усё гэта вернецца, на жаль, калі не рабіць асэнсаваных, запланаваных дзеянняў. Выкарыстоўваць каронавірусны крызіс як кропку, дзеля таго, каб змяніць нашыя падыходы», – зазначае Настасся Бекіш.

Для глабальных змяненняў варта пачаць з сябе: сартуйце смецце ўдома, не пакідайце адкідаў у прыродзе, замяняйце рэчы на шматразовыя, карыстайцеся экалагічным транспартам.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»