У свеце абралі галоўныя словы 2018 года


«Справядлівасць», «навічок», «жанчына», «час гарачыні». Гэтыя выразы ў розных краінах былі прызнаныя галоўнымі словамі 2018-га года. У Беларусі слова года не абіраюць, прынамсі на нейкім напалову афіцыйным узроўні.

Рэдактары амерыканскага тлумачальнага слоўніку «Merriam-Webster» выбралі словам года назоўнік «justice». Ён абазначае «справядлівасць», «правасуддзе», «законнасць» ці «юстыцыю».

«Панятак «справядлівасць» быў у цэнтры шмат якіх нашых нацыянальных дэбатаў у мінулым годзе. Расавая справядлівасць, сацыяльная справядлівасць, крымінальны закон, эканамічны закон», – тлумачыць Пітэр Сакалаўскі, рэдактар «Merriam-Webster».

Частата вышукаў гэтага слова на сайце кампаніі вырасла сёлета на семдзесят чатыры адсоткі.

У сваю чаргу расейцы словам года назвалі «навічок» – назву рэчыва, якім сёлета спрабавалі атруціць Сяргея Скрыпаля. На другім месцы слова «шпіль» – менавіта на гэты архітэктурны элемент Солсбэрскага сабору глядзелі гэтак званыя Башыраў і Пятроў, падазраваныя ў спробе забойства.

Французы – множны лік назоўніка «жанчына». Пераломам тут стаўся скандал з сексуальным дамаганнем і рухам #metoo. Таварыства нямецкай мовы аддало перавагу словазлучэнню «гарачы час», каб прыцягнуць увагу да глабальнага пацяплення. У Беларусі, праўда, плебісцыту па слове года не праводзяць, але знакавыя словы ўсё ж можна вызначыць.

Напрыклад, паводле запытаў у пошукавіку «Google». У топе сёлета знайшліся чэмпіянат свету па футболе, Стывэн Гокінг і «Еўрабачанне». А ў катэгорыі «закупы» беларусы часцей за ўсё задумваліся пра набыццё аўта, кватэраў і… лецішча каля Менску. Якім словам нашыя суайчыннікі маглі б апісаць год, што сыходзіць? Адказваюць жыхары Віцебску:

«Цудоўны»

«Выдатны»

«Словам года? Мірны!»

«Для мяне гэтае слова – Радзіма»

«Радасць»

«Быць дабру – гэта самае галоўнае слова!»

Хоць афіцыйна слова года не вызначаюць, галоўная афіцыйная асоба хіба найчасцей сёлета ўжывала адзін канкрэтны выраз. Часам ажно па восем разоў на адзінаццаць сказаў за адну сустрэчу.

Ганна Мордань, belsat.eu