У сутане з аўтаматам: у Беларусі пачаўся «святарскі прызыў»


Сёлетні веснавы прызыў у войска неўзабаве скончыцца. На яго завяршэнне позвы ў ваенкамат атрымалі дзясяткі будучых каталіцкіх і праваслаўных святароў па ўсёй Беларусі.

Раней у дачыненні да семінарыстаў духоўных вышэйшых навучальных установаў ды да святароў дзейнічала адтэрміноўка ад прызыву ў войска.

«Кожны год святары і хрысціянская супольнасць вырашалі гэтае пытанне наўпрост праз міністэрства абароны і ёсць такі пункт – адтэрміноўка можа быць дадзеная па ўказу прэзідэнта 41», – кажа сустаршыня БХД, юрыстка Вольга Кавалькова.

Сёлетняя праблема з адтэрміноўкаю для семінарыстаў склалася праз тое, што хтосьці з чыноўнікаў своечасова не выканаў сваю працу – не пераказаў ці не прыняў адпаведныя спісы. Гэтак лічыць каталіцкі святар Вячаслаў Барок.

«Які салдат можа атрымацца са святара? Гэта нонсэнс», – кажа Вячаслаў Барок.

Сёння каталіцкія біскупы звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з нагоды прызыву семінарыстаў у войска, адзначыўшы недастатковую колькасць мясцовых святароў для працы ў парафіях Беларусі і немагчымасць існавання вышэйшых духоўных семінарыяў у выпадку прызыву студэнтаў.

«З улікам усё яшчэ недастатковай колькасці мясцовых святароў для працы ў парафіях Беларусі, і беручы пад увагу тое, што ў выпадку прызыву студэнтаў вышэйшыя духоўныя семінарыі не змогуць існаваць, Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі звярнулася да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Закон пра альтэрнатыўную службу ў войску пачаў дзеяць у Беларусі з 2016-га году, аднак назваць гэтую з’яву масавай не выпадае. Гэтак, летась альтэрнатыўную службу праходзілі 67 чалавек.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»