У сценах БДУ – «Муры», «Пагоня» і «Перамен»


Акцыі пратэсту і салідарнасці працягваюць ладзіць студэнты менскіх ВНУ: «Муры», «Пагоню» і «Перамен» сёння спявалі ў сценах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Адміністрацыя не замінала студэнцкай ініцыятыве, а выкладчыкі толькі падтрымалі.

Студэнты біялагічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту сёння зладзілі акцыю салідарнасці са студэнтамі Лінгвістычнага ўніверсітэту і ўсімі студэнтамі Беларусі. Сустракаемся ў холе першага паверху: з сабой прыносіць кветкі, плакаты, апранаем белае і чырвонае адзенне – так дамовіліся студэнты біяфаку БДУ. Гэтак некалькі дзясяткаў маладзёнаў ахвяравалі свой вялікі перапынак песеннай акцыі салідарнасці.

«Гэта ў падтрыманне затрыманых студэнтаў, акцыя салідарнасці з усімі студэнтамі – у тым ліку БДУ, біяфаку. Мы сабраліся, каб падтрымаць адно аднаго, каб адчуць, што мы ўсе разам, што адзін за аднаго гарой – таму мы тут», – кажа студэнтка Алена Койдан.

«Я хачу сказаць, што студэнты біялагічнага факультэту выказваюць салідарнасць са студэнтамі ўсіх ВНУ Беларусі. І мы таксама падтрымліваем пратэставы рух», – працягвае студэнт Ягор Канецкі.

«Спыніць гвалт», «Мы – 97», «Мы таксама хочам аўтамат» – плакаты гэтага і падобнага зместу паводле цяперашніх падзеяў студэнты зрабілі ўласнаручна.

«Я лічу, што мы ўсе павінныя выказваць сваё меркаванне, і гэта вельмі важна для тых, хто трапіў у цяжкую сітуацыю. Мы ўсе павінныя быць салідарныя адно з адным і спадзявацца на тое, што ўсё закончыцца найлепшым чынам для ўсіх нас», – падтрымлівае паплечнікаў Паліна Смольская.

«Я цяпер стаю тут, бо хачу падтрымаць пратэсты супраць дзейнай улады. Мне надакучыла бачыць тое, што цяпер адбываецца на вуліцы, як абыходзяцца са студэнтамі і не толькі са студэнтамі, але і іншымі мірнымі людзьмі. Я не ведаю, як да гэтага ставіцца адміністрацыя, але спадзяюся, што ўсе нас зараз хочуць падтрымаць», – заяўляе студэнтка Яна Арцямчук.

Адміністрацыя факультэту не чыніла студэнтам перашкодаў, а некаторыя выкладчыкі нават падтрымалі сваіх студэнтаў, стаўшы побач у ланцуг салідарнасці.

«Гэта агульныя маральныя каштоўнасці: я стаяла з плакатам «Мы супраць гвалту», бо гэтага не павінна быць. Асабліва гэтага не павінна быць ва ўстановах вышэйшай адукацыі, бо мы іх вучым лепшаму. Мы рыхтуем тут нацыянальную эліту, і не можа быць месца такой амаральнасці ва ўніверсітэце», – кажа дацэнт кафедры факультэту Ганна Жукава.

«Пагоня», «Купалінка», «Воіны святла» ды іншыя народныя і патрыятычныя песні паўгадзіны гучалі ў сценах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Студэнцкая акцыя салідарнасці завершылася без інцыдэнтаў.

Галіна Абакунчык, «Белсат»