У Стоўбцах развіталіся з загінулымі


У Стоўбцах сёння развіталіся з настаўніцай сярэдняй школы № 2 Марынай Пархімовіч і вучнем Аляксандрам, на якіх 11-га лютага напаў з нажом дзесяцікласнік. Настаўніцу пахавалі каля царквы ў вёсцы Шашкі, а 17-гадовага вучня – на гарадскіх могілках. Развітацца з ім прыйшлі некалькі соцень чалавек – сваякі, сябры, аднакласнікі.

«Цудоўны хлопец, які вельмі любіў Беларусь. Хварэў за яе душой. Дзіця, за якім была будучыня».

«Разумны, ветлівы, усіх любіў і яго ўсе любілі. Добрае дзіця, яшчэ нікому не паспеў нічога кепскага зрабіць».

«Добры быў сябар. Мы заўжды з ім кудысьці ездзілі, заўжды быў вясёлы, нікому нічога кепскага не рабіў».

«Быў і няма, як бацькам перажыць такое? Гэта немагчыма. Я яго памятала, яшчэ як маленькі быў, гады чатыры. Бацькоў ведаю. Сям’я добрая. Такую страту панеслі. Усё, дзіця не вярнуць».

«Выхаваныя, і бацькі добрыя, і павітаюцца. І гэты хлопец такі добры быў».

«Цудоўны малады чалавек. Вучыўся на выдатна, з вельмі добрай сям’і. Там усё жыццё было прысвечанае сыну і дачцэ.Здарылася такая бяда». «Бацькі вельмі сурʼёзныя, вельмі, вельмі талковыя, такія, з якіх трэба браць прыклад. А мамам павучыцца, як трэба расціць дзяцей. Трагедыя адбылася. Гэта вырваны кавалак жыцця, у бацькоў, у родных, у знаёмых. Ну што ж, хай спіць спакойна».

Вольга Чайчыц, belsat.eu