У сталічнай гімназіі замест заняткаў праводзяць «урокі еднасці» з Расеяй


У 14-й гімназіі замест штодзённых адукацыйных дысцыплінаў праводзяць класныя гадзіны, прысвечаныя «Дню яднання народаў Расеі і Беларусі». Бацькоў ніхто не пытаў. Падрабязнасці распавядзе Галіна Абакунчык.

«За «адзіны народ» можна заяву пра экстрэмізм пісаць». «З гэтым павінныя разабрацца КДБ ды іншыя органы дзяржбяспекі». «Без камуніста Карпенкі тут не абышлося». Такія каментары пакінулі карыстальнікі сацыяльных сетак у паведамленні пра святкаванне беларуска-расейскага яднання ў адной з менскіх гімназіяў.

Выстава, дэманстрацыя відэафільмаў, а таксама класныя гадзіны пад назваю «Адзіны народ». Такі план імпрэзаў у беларускай гімназіі № 14 да Дня яднання народаў Расеі і Беларусі. Ад каментароў у адміністрацыі навучальнай установы адмаўляюцца.

«Я не маю паўнамоцтваў размаўляць з вамі на гэтую тэму. Таму прабачце, але размаўляйце, калі дырэктар з’явіцца», – кажа намесніца дырэктара гімназіі №14 Ірына Доўнар.

План адукацыйна-асветніцкіх імпрэзаў на ўвесь навучальны год школы і гімназіі атрымліваюць з раённых ды абласных аддзелаў адукацыі. А іх рэалізацыя ўжо залежыць ад імпэту выканаўцаў на месцах, кажа школьная настаўніца.

«Мы ніякі не адзін народ. Якое можа быць абʼяднанне, калі мы самастойная дзяржава, маем суверэнітэт, грашовы эквівалент ды іншыя атрыбуты дзяржаўнасці. Гэта ўсё – працэс русіфікацыі, непрафесіяналізму і хаванне фактаў гісторыі», – кажа настаўніца Марына Хоміч.

Ці лічыце вы 2 красавіка святам? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да жыхароў Менску:

«Я не святкую гэтага свята. Я не лічу гэты дзень за свята, але так гістарычна склалася, што мы жывём побач, разам, у нас агульная гісторыя, і ў нас штосьці ёсць агульнае».

«Так, паводле менталітэту мы адзіны народ. Святкаваць не святкую, але сачу за такімі святамі».

«Не, мы – розныя народы. Паводле сваёй ментальнасці, паводле кропак прыкладання сваіх нацыянальных якасцяў і схільнасцяў».

«Мы розныя народы, але тым не менш мы сябруем, таму гэта добрае свята».

Дзяржаўная сістэма адукацыі Беларусі сёння працуе на замацаванне інтэграцыйнай рыторыкі ўладаў, але імгненна зменіцца разам са зменаю дзяржаўнай ідэалогіі. Такога меркавання трымаецца скульптар Генік Лойка, дзеці якога навучаліся ў гімназіі № 14.

«Калі зменіцца сітуацыя – у момант адракуцца ад гэтых імпрэзаў. Гэта будзе гэтаксама імгненна, як мы ад Савецкага Саюзу адракліся, калі ён распаўся. Тым не менш, ідзе барацьба, і мы зараз на вастрыі ляза. Невядома куды мы схілімся», – перакананы Генік Лойка.

2 красавіка на дзяржаўным узроўні адзначаюць з 1997 года, калі Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі ў Маскве Дамову «Аб Саюзе Беларусі і Расеі».

Але ці прадугледжвае такі саюз аб’яднанне і двух народаў у адзін народ, пра які распавядаюць сёння і будуць распавядаць заўтра беларускім школьнікам?

Галіна Абакунчык, belsat.eu