У Смалявіцкім раёне воўк напаў на свойскую жывёлу фермера


Чатырох авечак за адну ноч. Воўк у Смалявіцкім раёне напаў на свойскую жывёлу фермера. Вяскоўцы за адстрэл драпежніка, эколагі – супраць.

«Дзве было напалову з’едзена, пад лапаткамі ды грудзіна была з’едзеная, а ў адной толькі галава пакусаная, а чацвёртая была яшчэ жывая а пятай гадзіне», – паказвае фермер.

У Аляксандра Шынкарова з вёскі Замосце Смалявіцкага раёну днямі воўк задушыў чатырох авечак. Драпежнік яшчэ ўзімку рабіў рэгулярныя напады на гаспадарку фермера. Спадар Аляксандр мае немалую гаспадарку: некалькі дзясяткаў авечак, каровы, коні. Ён неаднаразова спрабаваў абараніць сваю маёмасць. Але марна…

«То стужку нацягваем, то ходзім – глядзім. Ну як ад яго абараняцца? А ён прыходзіць, калі нікога няма. Кажуць, ён пастуха баіцца, электрапастух во быў нацягнуты, уключаны, а ён усё адно ўсю ноч хадзіў», – расказвае фермер.

Драпежнік добра наслядзіў вакол фермерскай гаспадаркі.

«Во сённяшні след, во, гэта ж не сабака. Такіх слядоў у сабакі няма, во бачыце?»

Біёлагі з грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» вывучаюць паводзіны ваўка і расследуюць выпадкі нападу драпежніка на хатнюю жывёлу. Эколаг перакананы: ваўка не трэба забіваць, але фермер не згодны.

«Калі мне задушыў у тым годзе 30 галоваў і ў гэтым 4 галавы, палічыце – калі кожная авечка па 150 рублёў, колькі мне ён стратаў прынёс? Дык я яго буду шкадаваць? Каня шкадую, кароў шкадую, але ж гэта я не магу шкадаваць», – абураецца фермер.

«Ну тут бачыце, тут мы прыйшлі да іх у дом, яны тут былі раней», – пярэчыць Максім Нямчынаў з ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

За час падрыхтоўкі матэрыялу мясцовыя паляўнічыя застрэлілі ваўка, што не даваў спакою фермеру. Але паводле біёлагаў, прычынаю частых візітаў драпежніка ў вёску таксама можа быць дзейнасць чалавека.

«Хутчэй за ўсё, забілі бацькоў – ядро зграі, і вось тады зграя распадаецца, з’яўляюцца такія асобіны, якія яшчэ не падрыхтаваныя да самастойнага жыцця або пошукаў нейкага іншага калектыву, і вось яны ходзяць, не могуць пракарміцца, і вось яны выходзяць да найбольш лёгкай, як мяркуецца, ежы», – тлумачыць Максім Нямчынаў.

Сярод захадаў абароны: высокі плот ды наяўнасць сабакі адмысловай пароды. Яшчэ ваўка могуць спалохаць раскіданыя навокал рэчы.

«Калі з’яўляюцца новыя прадметы, знікаюць, перастаўляюцца існуючыя, з’яўляюцца новыя пахі, гэта ўсё насцярожвае. Воўк – гэта вельмі асцярожны звер. Ён будзе вывучаць абставіны, і калі яны ўвесь час змяняюцца, гэта таксама яго насцярожвае і прымушае трымацца ад такіх месцаў далей», – тлумачыць біёлаг.

У краіне, паводле звестак Міністэрства лясной гаспадаркі, летась жыло агулам каля 1300 ваўкоў. А статыстыкі адносна нападаў ваўка на сельскагаспадарчых жывёлінаў у нас не вядзецца.

Ваўкі, лісы, здзічэлыя сабакі не даюць спакою вяскоўцам па ўсёй краіне. Канфлікт чалавека і дзікай прыроды ў Беларусі найчасцей вырашаецца зброяй. Але ці толькі гэтак можна развязаць усе праблемы?

Наста Кахановіч, belsat.eu