У Слуцку адзначылі 98 ўгодкі збройнага чыну


Шэсце мітынг і канцэрт – у Слуцку рапачалося святкаванне 98-угодкаў Слуцкага збройнага чыну. Шанаванне памяці слуцкіх паўстанцаў адбываецца цягам трох дзесяткаў гадоў, аднак сёлета урачыстасць мае асаблівую адметнасць: урачыстасць адбываецца ў год і ў гонар 100-угодкаў Беларускай народнай рэспублікі, за ідэалы якой паўсталі і злажылі галовы слуцкія змагары. Мясцовыя ўлады дазволілі імпрэзы, але запатрабавалі ад арганізатараў аплаты за паслугі медыкаў і міліцыі.

Нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі, кветкі ды транспаранты – некалькі дзясяткаў чалавек з Менску і Слуцку сабраліся, каб ушанаваць памяць слуцкіх паўстанцаў.

Гарадскія ўлады Слуцку дазволілі шэсце і мітынг, але, як і мінулымі гадамі, змянілі маршрут. І замест таго, каб прайсці цэнтральнымі вуліцамі Слуцку, удзельнікі шэсця прайшлі ўзбочынамі некалькі сотняў метраў.

«Калі б мы прайшлі галоўнымі вуліцамі гораду, пад нашымі сцягамі – гэта была б зусім іншая рэч, чым цяпер мы ідзем. Можа, не дзясятак, а сотню метраў, але гэта зусім іншы эфект, чым мы хацелі», – кажа Віктар Амяльковіч, арганізатар святкавання ў Слуцку.

«Мы прыйшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына» – адзін з лозунгаў слуцкіх паўстанцаў. Менавіта гэтымі днямі ў лістападзе 1920 года ў ваколіцах Слуцку распачаліся першыя баі паміж збройнымі фармаваннямі случчакоў і рэгулярнымі савецка-бальшавіцкімі войскамі.

«Гэта вельмі важная для нашай краіны і для нашай нацыі падзея. Я лічу прынцыпова важным гэта ўзгадваць, абуджаць людзей, случчакоў. Каб з дапамогаю Бога Беларусь жыла, і мы гэтаму спрыялі», – паведаміў айцей Вячаслаў, праваслаўны святар.

«Я лічу, што тая памяць, якая павінная жыць пра герояў Случчыны, яна жыве і будзе жыць», – кажа Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні партыі БНФ.

Удзельнікі акцыі памаліліся ў памяць загінулых, праспявалі ваярскія песні ды маршы, а актывісты «Маладога фронту» прынялі прысягу на вернасць Бацькаўшчыне.

Працягам святкавання ўгодак Слуцкага збройнага чыну стаўся канцэрт у гарадскім палацы культуры – першы за некалькі гадоў.

Не зважаючы на афіцыйны дазвол, аплочаную арэнду і паслугі аховы, Палац культуры не дазволіў скарыстацца гукаўзмацняльнаю тэхнікай, а гурту «Zanzibar» забаранілі выступіць у масках, паведамілі арганізатары канцэрту, актывісты «Дзеі». Затое ўдала прайшоў выступ яшчэ аднаго госця – Лявона Вольскага.

«Гэта знакавая падзея, то чаму яе не адзначыць? Трэба адзначаць, безумоўна. Тым больш, што гэтая зямля – са сваёй такою багатаю мінуўшчынай і цікаваю гісторыяй. Тым болей, што я тут калісьці служыў два гады ў вайскова-паветраных сілах», – мяркуе спявак Лявон Вольскі.

Святкаванні ўгодак збройнага чыну на Случчыне працягнуцца таксама і найбліжэйшымі днямі.

Галіна Абакунчык, «Белсат»