У Слонімскім раёне ўлады змушаюць вяскоўцаў забіць усю жывёлу, альбо будуць выпісваць вялікія штрафы


Прыватныя гаспадаркі ў вёсцы Новадзявяткавічы Слонімскага раёну апынуліся пад пагрозаю знішчэння. Паводле жыхароў, уся праблема ў незаконна пабудаваным свінакомплексе «Белдан». Жыхары звярнуліся па дапамогу да нашага тэлеканалу, бо калі вяскоўцам не дазволяць трымаць гаспадарку – жыць за тыя сродкі, што зарабляюць у вёсцы, папросту не магчыма.

Жыхары вёскі Новадзявяткавічы на мінулым тыдні атрымалі прадпісанне ад Слонімскага райвыканкаму, што да панядзелка мусяць пазбавіцца ад свіней. Чыноўнікі пагражаюць, што калі жывёлы вяскоўцы не заб’юць самыя, іх будуць разам з пракурорам забіраць сілаю і выпісваць гаспадарам вялікія штрафы. Прычына ў тым, што свінні нясуць пагрозу свінагадоўчаму комплексу «Белдан», што месціцца за 4 кіламетры ад вёскі.

«Хацелі да Лукашэнкі збірацца ехаць, не ведаю, што ўжо рабіць. Вы дзеткі дапамагайце нам, таму што гэта ўвогуле ўжо абсурд. 4 кіламетры жывем, і не даюць свіней трымаць. І ў нас ніякага ачага не было. Ніхто ў нас не звяртаўся ў станцыю, дзе лечаць», – кажа жыхарка вёскі Лідзія Яўкута.

Жыхары адзначаюць, што працы ў вёсцы не знайсці, а карміць сем’і трэба – сваё сала і мяса былі адзіным ратункам. Спадарыня Лідзія ўвесь час гадавала свіней, каб дапамагчы яшчэ дзецям і ўнукам.

«Раней жылі нават лепш, пасля вайны бацька загінуў, плацілі там за бацьку крыху, ну але мы працавалі, мы атрымлівалі, калгас быў наш мільянер, а сёння на калені наш калгас упаў. І яшчэ парасят не даюць трымаць. Разумееце, ну няма як жыць!», – кажа жыхарка вёскі Лідзія Яўкута.

Жыхары кажуць, што комплекс праектаваўся з парушэннямі. Іхнага дазволу ніхто не пытаў, пабудавалі свінаферму за 600 метраў ад ракі, хоць паводле нормаў мусіць быць не менш за 2 кіламетры.

«Яны дапусцілі касяк ужо на стадыі праектавання комплексу. Яны павінны былі знайсці месца, дзе не будзе нікому перашкаджаць. Аднаму чалавеку перашкаджае і ўжо не правільна. Яны павінны былі недзе паставіць яго там…знайшлі на мапе месца, ёсць буферная зона, і тут паставіць, а не пускаць нікога ў сваю зону. А так яны прыйшлі літаральна ў населены пункт, і вось вам», – кажа Пётр Тайкевіч.

Даведаўшыся, што ў вёску прыехалі журналісты, жыхары пачалі тэлефанаваць адно адному і бегчы на плошчу, каб падзяліцца сваёй бядою.

ЖЫХАРЫ ВЁСКІ НОВАДЗЯВЯТКАВІЧЫ

«Свіней хочам трымаць, курэй, нам усё забараняюць. Як нам жыць маладым? На 200 рублёў заробку?»

«- Нам ужо трэба намёты ставіць і арганізоўваць майданчык?

-Не, майдан не трэба! Трэба проста прасіць дапамогі, каб нас пачулі!«

Вяскоўцы мяркуюць, што «Белдан» і чыноўнікі парушаюць (іхныя правы, перакладваючы свае праблемы на іхныя плечы, таму складаюць калектыўны ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, хочуць звяртацца ў пракуратуру, кажуць, што свіней забіваць нікому не дадуць.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел belsat.eu