У шпіталь трапіў з разрывам барабаннай перапонкі вуха. Менчука збілі міліцыянты


Сведкаў няма, а камеры відэаназірання скіравалі ў іншы бок… каб аб’ектыў не зафіксаваў эпізоду збіцця менчука Іллі Зубені ў РАУС Савецкага раёну Менску. Адтуль мужчына трапіў у шпіталь з разрывам барабаннай перапонкі і шматлікімі гузакамі.

Панядзелак 17-га снежня. РАУС Савецкага раёну. Ілля Зубеня, пацярпелы:

«Мяне валяць на пол, нехта бярэ мяне за плечы і шыю, потым удар па нагах і пачынаюць мяне збіваць дубінкамі і нагамі».

Агрэсія ў бок Іллі Зубені пачалася, калі той папрасіў міліцыянта: «У мяне алергія на тытунёвы дым, можаце не паліць, я вас вельмі прашу». Ужо ў міліцыі становішча затрыманага пагоршылася…

«Атрымалася так, што ён мяне забіраў і таксама збіў некалькі гадоў таму. Ён перапытаў двойчы маё прозвішча, я паўтарыў, на што пачуў «А я цябе… ведаю», – кажа Ілля Зубеня.

Тады ў Судзе Савецкага раёну Менску Іллю апраўдалі, а тагачасны напарнік міліцыянта згубіў працу. У панядзелак Іллю білі па галаве нагамі, што засведчыла судова-медычная экспертыза ў Навінках. У шпіталь маладзён трапіў з разрывам барабаннай перапонкі вуха. Хуткая прыехала дзякуючы сяброўцы пацярпелага і праваабаронцы Андрэю Бандарэнцы, які лічыць:

«Супрацоўнікі паводзяць сябе досыць вальготна. Яны лічаць, што любыя метады, у тым ліку фізічная сіла, – дапушчальныя метады, пасля якіх ніякіх наступстваў ня будзе».

Перавышэнні і злоўжыванні сярод супрацоўнікаў міліцыі цяпер на слыху, пачынаючы ад беспадстаўных затрыманняў, як гэта было ў Горадні 7-га лістапада. Калі побач бачыш патруль, пераходзь на іншы бок – паказала сітуацыя ў Хойніках, калі бацьку збівалі ў прысутнасці дзяцей, каб надзець наручнікі.

Пацярпелыя ад міліцыянтаў нярэдка ў працэсе следства «пераўтвараюцца» у абвінавачаных. Здараецца, што ў спрэчках бяруцца за зброю, як гэта зрабілі ў Менску на навагоднюю ноч у 217-ым годзе. А часам грамадзяне гінуць ужо пасля затрымання – у Следчых ізалятарах ці за кратамі. Збіваюць таксама апазіцыю і незалежных журналістаў. Былы супрацоўнік міліцыі Уладзімір Няпомняшчых кажа Белсату:

«У міліцыі, здараецца, што і злачынцы працуюць. На сённяшні дзень асабіста ў мяне і я лічу што ў шматлікіх грамадзянаў Беларусі, ніякага даверу да сучаснай міліцыі няма».

Апраўдаць агрэсіўныя дзеянні міліцыянтам нярэдка дапамагаюць пратаколы. Так у выпадку затрыманых у панядзелак… У пратаколах затрымання – высокая колькасць праміле.

«Фармальная прычына нашага затрымання была – распіццё спіртовых напояў, але там была сімвалічная доза, ніхто не быў п’яны. Паводзілі мы сябе адэкватна», – Алег, сведка, сябар Іллі.

Аб паводзінах міліцыянтаў апавясцілі Пракуратуру, МУС і Следчы Камітэт. Рушыла папярэдняе правяранне. У выніку мы маем пабачыць…

«Ці гатовае МУС правесці працу са сваім штатам, каб у далейшым катаванні і жорсткае бесчалавечнае абыходжанне засталіся ўжо недзе за плячыма», – каментуе Андрэй Бандарэнка, кіраўнік установы «Платформа».

Каб у новы год увайсці з новаю міліцыяй, новым стаўленнем яе супрацоўнікаў да выканання сваіх службовых абавязкаў.

Юлія Цяльпук, belsat.eu