«У школе зараз рабіць няма чаго». Як працуюць настаўнікі падчас вакацыяў?


У той час як школьнікі ўжо другі тыдзень застаюцца на афіцыйных вакацыях, педагогі працягваюць працаваць у школах. Ніякіх афіцыйна абвешчаных змяненняў у арганізацыі іхнай працы не было.

«Я лічу, што гэта небяспечна і рызыкоўна і для нашага здароўя, і для нашых семʼяў. Напэўна, не кожная адміністрацыя можа ўзяць на сябе такую адказнасць, нават мужнасць, каб сказаць сваім падначаленым, што можна сядзець дома. Хаця насамрэч у школе зараз рабіць няма чаго», – кажа настаўніца пачатковых класаў Наталля Галко.

У сацсетках настаўнікі расказваюць, чым займаюцца замест вядзення ўрокаў. «Шыю маскі, раблю рамонт, пішу планы ўрокаў на наступную чвэрць, даводжу да ладу тэчкі» – гэтак адказваюць настаўнікі на пытанне, чым ім даводзіцца займацца ў гэты працоўны для іх тыдзень. Некаторым педагогам усё ж дазволілі працаваць з дому: праўда, за свой кошт або коштам адпачынку.

Адпачынак за свой кошт паўплывае на заробак педагогаў, таму з такім крокам пагаджаюцца не ўсе. Наталля Галко пастанавіла не ездзіць на працу і ўзяла два тыдні адпачынку без аплаты: «Зразумела, што не далічуся чвэрці або нават больш свайго заробку». Пакуль настаўнікі пазбаўленыя магчымасці паўнавартасна працаваць, дзеці застаюцца дома. Пры гэтым адукацыйныя праграмы разлічаныя на навучальны год без падоўжаных канікулаў. Ці стане гэта праблемай растлумачыў настаўнік Сяргей Альшэўскі:

«У старэйшай школе, у выпускных класах вось асноўная будзе праблема, бо ёсць пытанні з паступленнем, ёсць пытанні з выніковай атэстацыяй, вось там вялікія праблемы».

А як ставяцца бацькі школьнікаў да падоўжаных вакацыяў?

«Тыдзень, не вельмі гэта ўжо і страшна. У прынцыпе, нагнаць у канцы траўня, ёсць вольныя тыдні ў канцы года, калі ўсё можна нагнаць».

«Што ён сядзіць дома, гуляе ў двары! Яны не ў ізаляцыі. Яны дурэюць. Толку няма ніякага».

«У нас была хатняя самападрыхтоўка, мы спісваліся з настаўнікам, рабілі заданні і адпраўлялі ёй зробленыя хатнія заданні».

Інфармацыю, што навучанне на гэтым тыдні ўсё роўна працягваецца, толькі ў дыстанцыйнай форме, «Белсату» пацвердзілі некалькі педагогаў. І такая форма, на іхную думку, стала б аптымальным развязаннем сёння. Але эксперт лічыць, што прыйшоў час мяняць усю тэхналогію масавай адукацыі.

«Гэта была б сапраўды іншая тэхналогія, не методыка навучання прадмету, як гэта часта падаецца, а менавіта тэхналогія масавай адукацыі, якая павінна быць у кароткатэрміновым перыядзе пераарыентаваная на індывідуальную дыстанцыйную адукацыю, на групавую дыстанцыйную адукацыю. Хоць бы да канца года», – каментуе кандыдат педагагічных навук Святлана Мацкевіч.

Сёння ў інтэрвʼю радыё «Свабода» прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая заявіла, што каранціну ў школах не будзе. Але, відаць, фармат навучання плануюць змяніць. Некаторыя школы атрымалі ліст, у якім рэкамендуецца арганізаваць навучанне з дапамогай дыстанцыйнай сістэмы «Moodle». «Белсат» працягне сачыць за развіццём сітуацыі.

Алена Дубовік, «Белсат»