«У сеціве» зламыснікаў: у беларусаў сёлета скралі 3 мільёны долараў


Тры мільёны долараў скралі кіберзлачынцы ў беларусаў сёлета. Колькасць ахвяраў – каля 6 тысячаў чалавек. Цяпер праваахоўныя органы шукаюць зламыснікаў, якія скралі грошы як мінімум у 4 пенсіянерак.

Схема няхітрая: у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» пенсіянеркам паведамлялі, што яны атрымалі грашовыя прызы. Каб іх забраць, прасілі паведаміць звесткі банкаўскай карткі. Адмысловец у інфармацыйнай бяспецы Сяргей Чарнавокі тлумачыць:

«Нумар і тэрмін дзеяння – гэта ўжо дастаткова, каб у некаторых крамах зрабіць аплату. А калі вы ведаеце яшчэ і код бяспекі, то з карткай можна рабіць усё, што заўгодна».

Часта зламыснікі выбіраюць сваймі ахвярамі людзей, якія не ў стане аб’ектыўна ацаніць абстаноўку і намеры суразмоўцы: людзей у складаным фінансавым стане, пенсіянераў, дзяцей. І страціць грошы – не горшае, што можа адбыцца ў гэткіх выпадках. Валянціна Чэкан, педагог, арганізатар канферэнцыяў «Girl Safety» кажа:

«Цяпер праваахоўныя органы і псіхолагі кажуць, што стала масавым патрабаванне за нейкія дзеянні вытворчасць парнаграфічнага кантэнту. І гэта значна больш небяспечна, чым проста пераводы грошай».

Паводле Следчага камітэту, сёлета ў Беларусі зарэгістравана ўжо каля 6,5 тысячаў «крадзяжоў шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі». Гэта ўдвая болей, чымся летась. Кожны трэці – маладзён да 29 гадоў.

Цяпер зрабіць пакупку праз інтэрнэт – справа фактычна некалькіх клікаў. Некаторыя крамы нават рэгістрацыі не патрабуюць. Расце колькасць онлайн-крамаў, а разам з ёй колькасць транзакцыяў. Адпаведна пабольшала і кіберзлачынстваў. Пры гэтым ахвярамі зламыснікаў робяцца не толькі звычайныя людзі, але і вялікія кампаніі, банкі ды крамы.

Самы вядомы з апошніх выпадкаў – кастрычніцкі крадзеж звестак больш за 60 мільёнаў кліентаў расейскага «Сбербанку». На меркаванне Сяргея Чарнавокага, тут віна можа ляжаць на працаўніках банку. Але мы штодня маем шанцы запрасіць зламысніка ў свой кампʼютар:

«Дастаткова, каб чалавек зацікавіўся нейкім сумнеўным рэкламным банерам або ўсталяваў нелегальную гульню. І тады разам з гульнёй ён можа атрымаць шкодныя праграмы, які могуць некуды зліць і прыватныя звесткі».

Таксама зламыснікі могуць выдаваць сябе за працаўнікоў банкаў або нават знаёмых ахвяры, калі ўзламаюць ейную старонку ў сацыяльных сетках ці проста створаць яе поўную копію. І, вядома ж, спрабуюць увайсці ў давер да людзей і папрасіць «выручыць у складанай сітуацыі» або «атрымаць нечаканую спадчыну».

«Прывязанасць гэтая, эндарфінавая залежнасць узнікае вельмі проста: я табе буду кожную раніцу ставіць лайк, буду хваліць твае фотаздымкі, буду казаць, які ты клёвы ці якая ты цудоўная, і роўна праз тры месяцы любы дарослы, падлетак, дзіця будзе мець давер да такога віртуальнага знаёмага», – распавядае Валянціна Чэкан, педагог, арганізатар канферэнцыяў «Girl Safety».

Адмыслоўцы рэкамендуюць абараняць дзяцей пры дапамозе праграмаў, якія будуць адсякаць негатыўны кантэнт, гэтую паслугу бясплатна прапаноўваюць усе правайдары. І, вядома, ніколі і нікому не паведамляць сваіх банкаўскіх рэквізітаў або звестак картак.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu