У самотнай маці забралі дзяцей, каб «стала лягчэй»


Дэкрэт нумар васямнаццаць у дзеянні. Мясцовыя ўлады на Гарадоччыне забралі чацвярых дзяцей у прытулак, замест таго, каб дапамагчы жанчыне, якая гадуе іх адна. Функцыі ж дзяржавы ўзялі на сябе суседзі шматдзетнай сям‘і.

Як гэта – жыць не дома, чацвёра дзяцей Вольгі Байцовай з вёскі Вялікае Кашо на Гарадоччыне ўжо ведаюць. У лістападзе іх на паўмесяца забіралі ў прытулак, бо камісію не задаволілі ўмовы дзіцячага побыту.

«Мяне выклікалі на камісію. Яны не тое што ў мяне забралі, але ў добраахвотна-загадным парадку – пішыце заяву, па вашай заяве, на два тыдні, каб гэта ўсё ўладзіць. Хоць я плакала, прасіла дайце тры дні, я запазычанасць пагашу, і дровы будуць», – распавядае шматдзетная маці Вольга Байцова.

Адрамантаваць дом і сплаціць запазычанасці жанчыне дапамагалі суседзі, раённы прафсаюз і нават Віцебская епархія. Вольга Байцова, шматдзетная маці, кажа:

«Нітка да ніткі – дапамаглі людзі. Я адзінае, што рамонт уласнымі сіламі зрабіла, а дровы, газ, фарба – людзі дапамаглі».

Аксана Логінава, суседка Вольгі Байцовай, каментуе:

«Яна харошая, не п’е, нічога. Ну, жыццё так склалася. Няма ні мужчыны, нікога, палавінкі, каб ёй хтосьці дапамог. Прыхінуцца ёй куды? Некуды. Яна прыехала – тут чужыя ўсе, сваякоў няма нікога».

Вольга Байцова адна выхоўвае чацвярых дзяцей і чакае пятага. Муж з’ехаў на заробкі ў Расею і перастаў дапамагаць. З кватэры з выгодамі праз запазычанасці сямʼю перасялілі ў вясковы дом, у якім цячэ дах, печка сапсаваная, а ў вокнах толькі вонкавыя рамы.

«Гэты дом прымала камісія сказалі што ён прыгодны для дзяцей для жытла», – кажа шматдзетная маці.

І ў гэты ж дом чыноўнікі рэгулярна прыязджаюць з праверкамі – прызнана, што дзеці ў сацыяльна небяспечным стане, бо ёсць запазычанасці ў аплаце жытла. Сямʼя стаіць на ўліку ўжо амаль год.

«Яны зайшлі – у калідоры бялізна вісела сохла, і яны сказалі, што падлога брудная ў калідоры, і мы вас ставім на СНС. У хаце чыста, а ў калідоры падлога брудная», – успамінае Вольга Байцова.

У вёсцы Вялікае Кашо няма ні крамы, ні школы, ні працы для цяжарнай жанчыны. А працаўладкавацца трэба на месцы, каб дзеці не заставаліся дома адны – такое патрабаванне камісіі. Мясцовыя чыноўнікі лічаць, што ў тым, што дзяцей забіралі ў прытулак, вінаватая самая Вольга: маўляў, трэба было раней папрасіць дапамогі.

Віктар Няхаеў, старшыня Даўгапольскага сельсавету:

«Калі б тады яна сказала: зразумейце правільна, у мяне цяжкое становішча, дапамажыце мне. Не, яна вось так: у мяне грошы ёсць, я разлічуся, і што вы ад мяне хочаце. Ніхто не забіраў у яе дзяцей. Яна была ў цяжкой жыццёвай сітуацыі і нідзе не прапісана было, што дзяцей забіраюць, проста аказаць дапамогу, каб дзеці пажылі тут, а ёй крыху разгрузіцца».

Са словаў Вольгі, пасля двухтыднёвага побыту ў прытулку 16-гадовая дачка пэўны час прымала заспакаяльныя лекі, і 13-гадовы сын вельмі змяніўся, стаў замкнёны. Цяпер малодшых дзяцей жанчына абавязаная вазіць у дзіцячы садок, бо інакш іх зноў забяруць. Вольга Байцова:

«Сказалі, вам будзе лягчэй, хоць я не разумею, чым мне будзе лягчэй».

Паводле статыстыкі, больш за палову часова забраных у прытулак дзяцей пазней вяртаюць назад у семʼі. Вось толькі няма статыстыкі пра перажыванні бацькоў ды зламаную псіхіку дзяцей, у якіх хоць і часова, але адбіраюць дом і сямʼю.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu