Цыгане атрымаюць новае жыллё. Беларусы наракаюць


Жыхары супраць ушчыльнення і патрабуюць ад уладаў улічваць іх інтарэсы пра пабудове суседняга дому – здавалася б, звычайны сюжэт для сучаснай Беларусі. Але ў выпадку супрацьстаяння мясцовых жыхароў з уладамі ў Ружанах, замешаныя аказаліся і Чарнобыль, і цыгане, і, канечне, Аляксандр Лукашэнка.

З пылам у вачах і пад гукі трактара – канфлікт не ўтаймаваны, а будаўнічая тэхніка ўжо ў рабоце. Былы міліцыянт Андрэй, узначаліў пратэсты.

«Як можна пабудаваць дом для шматдзетных сем’яў на такой адлегласці і без дзіцячых пляцовак і зелені?» – абураецца жыхар Ружанаў Андрэй Петрашко.

Трохпавярховік для перасяленцаў з Чарнобыля пабудаваны наводшыбе Ружанаў. Апроч дзіцячай пляцоўкі і гародаў, побач быў сасновы лес. Спачатку ўлады паставілі перад фактам жыхароў пра пабудову па суседству шматкватэрніка для шматдзетных семʼяў, пасля быў знішчаны лес.

Жыхары Ружанаў:

«Да не было б гэтага супрацьстаяння, каб на пачатку мы прасілі – адступіце ад нас на 20 метраў. Адступіце – і будуйце дом, калі ласка».

Але толькі прыезд нашай здымачнай групы паспрыяў сустрэчы з мясцовымі ўладамі. У акружэнні міліцыі, чыноўнікі другі раз за год спрэчак, зʼявіліся перад жыхарамі.

Пры даследаванні спісаў жыхароў новага дому мы наткнуліся яшчэ на адзін цікавы аспект, які падагравае эмоцыі ў супрацьстаянні. На адной з найстарэйшых вуліц у Ружанах у кожным доме пражывае цыганская, ці рамальская сямʼя. Дык вось з 40 кватэр у новым доме, 10 атрымаюць – цыганскія семʼі.

І здарыцца гэта мае ўжо ў наступным годзе.

«А пляменнік мой, у 63-м доме, 5 дзяцей, двух памерла, а было сямёра. Дык там аварыйны дом. Таксама ў чарзе на гэты дом. Давалі ў Пружанах, але там далёка», – кажа жыхарка Ружанаў Святлана.

А тым часам дэлегацыя з райвыканкаму абяцае саступкі пратэстоўцам – дом мае быць аднесены яшчэ на некалькі метраў, а дзіцячая пляцоўка захаваная. Ці жыхары вераць? Адразу пасля сустрэчы жыхары знялі відэа зварот да Аляксандра Лукашэнкі.

Алесь Залеўскі belsat.eu