У «Росатаме» чакаюць крызісу атамных праектаў. Што будзе з БелАЭС?


Спадзевы на ядравую энергетыку не апраўдаліся. У «Росатаме» адкрыта загаварылі пра крызіс, што надыходзіць. Прычына ў сусветнай тэндэнцыі змяншэння запатрабаванняў на новыя праекты атамных станцыяў.

«Усё цяпер развіваецца іншым шляхам. Стаўкі робяцца на зялёныя тэхналогіі з выкарыстаннем ветру, біягазу, сонечнай энэргіі. Гэта дазваляе замяніць генерацыю энэргіі больш экалагічнымі тэхналогіямі», – кажа Зміцер Кучук, партыя «Зялёныя».

А гэтак у практыцы выглядаюць ужо сённяшнія праблемы дзяржаўнай карпарацыі.

«Мы маем велізарны партфель на 130 мільярдаў долараў – гэта сярэдні партфель замоваў. Ужо цяжка ўявіць, дзе яшчэ мы зможам знайсці замову на будаўніцтва атамных станцыяў», – заявіў намеснік дырэктара «Росатому» Вячаслаў Першукоў.

Паводле звестак МАГАТЭ, ува ўсім свеце ў стадыі будаўніцтва цяпер шэсцьдзесят энергаблокаў АЭС. Атамныя станцыі працуюць у трыццаці краінах свету. Асноўныя расейскія праекты звязаныя з Турцыяй, Фінляндыяй і Беларуссю. Як цвердзяць адмыслоўцы, іх рэалізацыя для Расеі ўсё менш выгадная.

«Калі мы паглядзім на фінскую станцыю, якая магчыма пачне будавацца, «Росатам» быў вымушаны выкупіць траціну фінскай кампаніі, якая банкрутавала. Калі б не ўмяшальніцтва «Росатаму» яна б спыніла сваё існаванне з-за адсутнасці інвестараў», – распавядае фізік-ядравік з Расеі Андрэй Ажароўскі.

Прыбытковасць іншай станцыі – у беларускім Астраўцы – таксама сумнеўная. Пакуль Расея са сваёй кішэні вылучыла Беларусі крэдыт памерам 10 мільярдаў долараў. Ці беларуская АЭС пачне прыносіць абяцаныя залатыя горы ды калі – паводле адмыслоўцаў, справа незразумелая. Іншае пытанне: калі праект апынецца непаспяховы, з чаго Беларусь будзе вяртаць крэдыт?

А што калі крызіс у «Росатаме» пачне паглыбляцца? На думку часткі экспертаў, гэта можа наўпрост паўплываць на рэалізацыю праекту ў Астраўцы.

«Яны будуць абслугоўваць гэтыя станцыі ды намагацца на гэтым зарабляць. Ёсць верагоднасць, што павялічаць тарыфы на пакупку сыравіны і ўтылізацыю адкідаў. Гэта можа прывесці да таго, што беларуская АЭС будзе нерэнтабельная», – мяркуе Зміцер Кучук.

А прэтэнзіяў да беларускай АЭС пакуль шмат. Галоўная скіраваная да выканаўцаў, а дакладней – да іхных кампетэнцыяў і досведу. Вядома, што рэактар, зроблены на «Атаммашы» ў расейскім Валгадонску, быў толькі першаю такою прадукцыяй за апошнія дваццаць дзевяць гадоў. Пасля пры мантажы канструкцыі на пляцоўцы будучай АЭС рэактар упусцілі на зямлю. У тым, што ў ён быў пашкоджаны, эксперты не сумняюцца.

«Гэта ўсё сведчыць (гэта не здагадкі, не ацэнкі экспертаў), што якасць будаўніцтва, якасць выканання працаў насамрэч нізкая. Гэта стварае дадатковыя пагрозы», – кажа Андрэй Ажароўскі.

Вострасць праблемы ў Беларусі і за яе межамі адчуваюць асабліва тыя, хто памятае, якія наступствы могуць выклікаць фатальныя памылкі. Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС пакалечыла жыцці мільёнаў людзей.

Ян Бабіцкі, «Белсат»