Аб'ектыў 11.08.2018 У рацэ Бесядзь рыба дохне тонамі


Пяцікілаграмовы лешч – гэта не здабытак рыбака. Гэта фотаздымак памерлай рыбы. І гэты прыклад, на жаль, не адзіны на рацэ Бесядзь Веткаўскага раёну, што на Гомельшчыне.

«Ляжаць такія калоды і такія, уся запар белая рыба: самы, шчупак, акунь, плотва, краснапёрка, язь. Уся белая рыба – тоны ляжаць, тоны!», – кажа жыхар вёскі Вялікія Немкі каля р. Бесядзь

Сярод гэтых тонаў нежывой рыбы трапляецца і такая, пра ўлоў якой у лепшыя часы яе жыцця рыбак мог толькі марыць.

«Больш за тры метры сом ляжаў. Я такіх самоў яшчэ ніколі не бачыў, каб былі», – распявядае мясцовы жыхар.

Што праўда, такім памерам ёсць тлумачэнне, якім з намі падзяліўся рыбалоў са стажам.

«Калі рыба памірае, яна ўдвая становіцца большай – і таўсцей, і даўжэй, яна проста раздзімаецца», – кажа Віктар Гатальскі, жыхар вёскі Свяцілавічы каля р. Бесядзь.

Мор пачаўся прыкладна тры тыдні таму. Рыба проста задыхнулася, распавядаюць у раёне.

«Паводле меркавання мясцовых людзей, гэта ўсё праз тое, што былі моцныя дажджы, разлілася рака, затапіла траву, у сувязі з чым трава пачала гніць, не хапала кіслароду для рыбы, рэчка стала вельмі брудная, пакрылася плёнкаю, рыбе не хапала кіслароду», – распавядае Марына Вайцянкова, якая прыехала адпачыць у вёсцы Свяцілавічы.

Спачатку памерлая рыба ўсплыла, а цяпер пайшла пад ваду. Але смуродны пах надалей змушае жыхароў пакутаваць.

Вясковыя старажылы адзначаюць, што буйныя разлівы ракі ўлетку назіраліся ў гэтых мясцінах тры разы за апошнія 70 гадоў. Але гЭткага мору рыбы не было ніколі.

«Калі раней мужыкі касілі траву, кустоў было менш. Усе гэта на адсоткі ў калгас ішло, бо каб здабыць сена, трэба спачатку 10 тон гатовага завесці ў калгас: каб тону забраць сабе. Тады гэтага не было, хоць вада і залівала, луг», – кажа Віктар Гатальскі, жыхар вёскі Свяцілавічы.

Мясцовыя чыноўнікі адрэагавалі на здарэнне наступнаю пастановаю.

«Паводле рашэння райвыканкаму, любую колькасць рыбы можаце вылоўліваць усімі даступнымі спосабамі, каб толькі яна не дохла», – паведамілі «Белсату» у веткаўскай райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Раней улады ставілі абмежаванне – не больш за 5 кілаграмаў, а цяпер шчодра дазваляюць вылавіць хоць тону напалову здохлай ці дохлай рыбы.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары