У Расеі забаранілі кіно пра Сталіна. Ці пакажуць у Беларусі?


https://vimeo.com/252586211

Сусветная прэм’ера брытанскай камедыі «Смерць Сталіна» рэжысёра Армэндоў Янучы прайшла яшчэ летась у верасні, а ў Расеі яе меліся паказаць заўтра. Аднак пасля закрытага перадпаказу, дзе, апроч экспертаў ад кіно прысутнічалі дэпутаты Дзярждумы і чальцы савету Міністэрства культуры Расеі, фільм назвалі абразлівым і экстрэмісцкім.

Стужку прапанвалі даслаць на юрыдычную экспертызу, а прэм’еру плануюць перанесці, каб не перашкаджаць святкаваць угодкі бітвы за Сталінград.

Аўтары фільму ў адзін голас з крытыкамі сцвярджаюць: у камедыі, поўнай чорнага гумару, смяюцца з палітыкаў і сітуацыі, што склалася пасля смерці дыктатара, а ніяк не з расейскага народу.

У Беларусі прэм’еру рыхтавалі два прыватныя кінатэатры

Falcon Club Буцік кіно і Silver Screen, аднак пасля шуміхі, што паднялася ў Расеі, беларускі Мінкульт перастрахаваўся і часова прыпыніў перадпродаж білетаў. Прадстаўнікі міністэрства пракаментавалі для «naviny.by», што фільм для перадпрагляду да іх не паступаў, але калі ён з’явіцца, то яго правераць на адпаведнасць заканадаўству.

Гэта ўжо не першы фільм, які Беларусь забараніла следам за Расеяй

Два гады таму да вялікіх экранаў не дайшоў галівудскі трылер «Нумар 44», у якім вядзецца пра сталінскія рэпрэсіі.

«Змаганне супраць стужкі гэта перадусім змаганне супраць альтэрнатыўнай міфалогіі, бо паўстае іншая версія падзеяў, якія ў межах праўладнага дыскурсу не выклікаюць сумневаў, а тут ёсць іншая версія, іншае бачанне сітуацыі», – тлумачыць логіку такіх дзеянняў культуролаг Максім Жбанкоў.

Фільм пра смерць савецкага дыктатара высока ацанілі ў свеце

На папулярным сайце з аглядамі фільмаў «Rotten Tomatoes» «Смерць Сталіна» атрымала 97 % пазітыўных рэцэнзіяў, у «Internet Movie Database« камедыі паставілі 7 балаў з 10. Праз сіта крытыкаў карціна прайшла, але ці зможа прарвацца праз беларускую цэнзуру?

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: metro.co.uk