У Расеі патрабуюць адправіць на пенсію Пуціна


Мясцовыя выбары пад гукі паліцэйскіх сірэнаў і воклічы «Пуцін – злодзей!». У дзень галасавання ў дзясятках гарадоў Расеі адбыліся не санкцыянаваныя ўладамі мітынгі супраць павышэння пенсійнага ўзросту. Як вынік, некалькі соцень пратэстоўцаў былі затрыманыя.

Больш за паўтысячы затрыманых, у тым ліку няпоўнагадовыя і журналісты. Сілы паліцыі ды Расгвардыі разагналі пратэсты супраць пенсійнай рэформы, якія прайшлі сёння ва ўсёй Расеі.

«Пуцін – злодзей!» і «Пуціна на пенсію!» скандавалі ў больш як 30-ці гарадах – ад Уладзівастоку да Калінінграду. Людзі пратэставалі супраць павышэння пенсійнага ўзросту да 65-ці гадоў для мужчынаў і да 63-ці гадоў для жанчын. Адпаведны закон у першым чытанні прыняла расейская Дзярждума. Павышэнне пенсійнага ўзросту было ўхваленае і кіраўніком краіны.

Аднак звычайныя расейцы ставяцца да гэтага рашэння рэзка негатыўна.

«Чаму ён павінен забіраць у мяне мае грошы? Я пералічваў іх у пенсійны фонд, іншыя людзі пералічвалі. І ён кожнаму залез у кішэню – нахабна!», – кажа ўдзельнік акцыі пратэсту ў Маскве.

Расейскія ўлады заяўляюць, што ў пенсійным фондзе не хапае грошай праз старэнне насельніцтва ды імклівае павелічэнне колькасці пенсіянераў. Але шмат якія грамадзяне маюць іншае тлумачэнне.

«Бюджэт фактычна раскрадзены. І таму намагаюцца залезці ў нашыя кішэні. Чаму не чапаюць алігархаў? Чаму пакутуе звычайны народ?», – кажа жыхар Томску.

У Томску пратэставаць супраць павышэння пенсійнага веку пад дажджом выйшлі да трохсот чалавек. Каля 20-ці з іх затрымала паліцыя.

«Мы проста пераходзілі дарогу. На нас кінулася чалавек дваццаць паліцыянтаў. А мяне брат проста за шкірку выцягнуў», – распавядае пратэстовец.

Дзясяткі людзей былі затрыманыя ў Маскве, Екацярынбурзе, Омску, Краснадары, Цверы. А лічба затрыманых у Пецярбурзе, паводле паведамленняў медыяў, дасягнула ад 400 да 500 чалавек. На пратэст там выйшлі каля пяці тысячаў чалавек. Шлях ім перагарадзілі ланцугі АМАПу і паліцыі. Сярод затрыманых – журналіст «Белсату».

«Даволі жорстка ўсё адбывалася. Не глядзяць на тое, што няпоўнагадовы, на тое, што звычайны мінак, на тое, што ў чалавека ёсць прэс-карта. Мяне падчас затрымання (калі гэта можна назваць затрыманнем) проста ўзялі за шкірку і кінулі ў аўтобус», – распавядае наш карэспандэнт у Пецярбургу Раман Перл.

Сёння ў 80 рэгіёнах Расеі праходзяць мясцовыя выбары. У прыватнасці, у Маскве выбіраюць мэра. Выйсці на маршы пратэсту ў гэты дзень расейцаў заклікаў апазіцыянер Аляксей Навальны. Сам ён цяпер адбывае арышт за арганізацыю мітынгу, які прайшоў яшчэ ў студзені. Перад сённяшняй акцыяй паплечнікаў Навальнага затрымлівалі па ўсёй краіне.

Аляксандр Папко; фота – Міхаіл Пачуеў / TASS / Forum