У Ракаве знішчаюць могілкі 19 стагоддзя


Праваслаўныя могілкі 19 стагоддзя ў Ракаве ўлучаныя ў спіс гістарычна-культурнай спадчыны і паводле закону мусяць ахоўвацца. Але на справе стогадовыя могілкі проста знішчаюцца: надмагіллі руйнуюць і вывозяць на сметнік. А вызваленую зямлю аддаюць пад новыя пахаванні. Пачалося знішчэнне яшчэ ў 2005 годзе. Мясцовы жыхар і літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч быў сведкам пачатку знішчэння могілак.

«Мне балюча запала, калі не тут, не на могілках, а на сметніку, я стаяў на пліце, дзе было напісана «Карловіч Іван». А ў мяне з боку таты былі не толькі Янушкевічы, але і Карловічы», – кажа Язэп Янушкевіч.

У заканадаўстве аб могілках, якія ўяўляюць гістарычна-культурную каштоўнасць, нічога не сказана, і, паводле юрысткі, ніхто не ведае, што рабіць з такімі абʼектамі. Некрапалісты настойваюць, што ў сусветнай практыцы старыя могілкі прызнаюцца каштоўнасцямі ды займацца іх захаваннем павінныя адмыслоўцы.

«Цяпер могілкі цалкам знаходзяцца на балансе Міністэрства камунальнай гаспадаркі, у якога ёсць свая практыка. Калі ёсць тэрыторыя, якую трэба прыбраць, то прасцей за ўсё ўзяць старое і непатрэбнае, звезці на сметнік і пабудаваць новае. Іншай практыкі няма», – тлумачыць юрыстка і некрапалістка Вольга Сямашка.

Пытанне ў справе захавання Ракаўскіх могілак на мінулым тыдні разглядалі ў Міністэрстве культуры. Вольга Сямашка перадала свае прапановы для ўнясення паправак у заканадаўства.

«Міністэрства культуры прызнала, што калі ўводзіліся Ракаўскія могілкі як помнік, то не было зацверджана, на якой тэрыторыі можна хаваць, на якой нельга. Справу цяпер перадалі ў Валожынскі райвыканкам, які павінен правесці інвентарызацыю могілак, дэталізацыю тэрыторыі ды азначэнне той тэрыторыі, дзе будзе забаронена хаваць», – кажа Вольга.

А пакуль на Ракаўскіх могілках зʼяўляюцца новыя пахаванні. Згодна са схемаю, складзенай некрапалістамі ў 2014 годзе, паміж магіламі Марыі Войніч і Стэфаніды Ерашэвіч маюць быць яшчэ каля пяці стогадовых помнікаў. Але мы не знайшлі ніводнага. Некаторыя жыхары Ракава думаюць, што прычына – у нястачы зямлі. Язэп Янушкевіч з такім меркаваннем не пагаджаецца.

«Гектары зямлі, якія займае РСУ, дрэваапрацоўчая арганізацыя, а там жоўты пясок, маглі б адпусціць на будучае месца пахавання. Глядзіце, тое, што мы маем леваруч ад мяне… Гэта была б добрая палова могілак», – лічыць Язэп.

Такая праблема закранула не толькі некропаль у Ракаве. Прыкладаў па ўсёй краіне дзясяткі, кажа Павел Каралёў з Грамадскай назіральнай камісіі аховы помнікаў.

«Той жа самы БРСМ, ці нейкія піянеры… Каб яны даглядалі старыя могілкі. Падаецца: што прасцей? Зайсці ў гэты гушчар, папрацаваць тыдзень – і гэтыя могілкі вызваляюцца. Няма такога прыкладу, наадварот, ёсць шкодны прыклад, калі ўлады лезуць у каштоўнасць».

Паводле эксперта, адзінае, што рэальна сёння можа ўратаваць ад знішчэння могілкі, падобныя да ракаўскіх, – гэта грамадзянская актыўнасць і звароты ў адказныя органы.

Алена Дубовік, «Белсат»