У пошуках замежных агентаў


Пакуль простыя людзі – беларусы і расейцы – жывуць спакойным жыццём, улады нашых краінаў у мірны час вядуць нябачныя баі. Вораг у афіцыйных Менску і Масквы адзін – Захад.

Гэта вынікае са словаў удзельнікаў паседжання камісіі для абароны дзяржсуверэнітэту, што зладзіў расейскі Савет Федэрацыі. Удзел у ім узяў і чалец беларускай Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных:

«Сучасная вайна, вайна комплексная, гібрыдная, супраць Расеі, уласна кажучы, і супраць Беларусі, ужо абвешчаная».

У ворага вонкавага ёсць пасобнікі і ўнутры, лічыць беларускі палітык, – гэта недзяржаўныя арганізацыі, мэта якіх – палепшыць жыццё грамадства.

«Праз увядзенне зялёнай эканомікі з блакаваннем атамных тэхналогіяў, праз гендарную роўнасць, праз ювенальную юстыцыю, праз такія сацыяльныя механізмы», – выказаў меркаванне Андрэй Савіных, чалец Савету Палаты Прадстаўнікоў.

Экалагічныя ды іншыя грамадскія арганізацыі збіраюцца прыраўняць да замежных агентаў, што істотна абмяжуе дзейнасць НДА. Андрэй Савіных папрасіў расейцаў падзяліцца напрацоўкамі і досведам у гэтым кірунку. У суседняй краіне Закон аб замежных агентах дзее ўжо 8 гадоў. За гэты час значная частка арганізацыяў спыніла сваю дзейнасць, іншыя ж рэгулярна штрафуюць.

«За тое, што некаторыя матэрыялы не маркіраваныя замежнаагенцкім лейблам. У чым тут праблема? У тым, што закон сфармуляваны так, што немагчыма прадбачыць, што менавіта мусіць быць маркіраванае. Або ты мусіш абвешацца гэтымі лейбламі, на візітоўках у тым ліку, або будзеш хадзіць пад дамоклавым мячом чарговага штрафу», – распавядае Таццяна Глушкова, юрыстка няўрадавай арганізацыі «Мемориал».

Калі ўлады бачаць небяспеку ў недзяржаўных арганізацыях і замежнай дапамозе, то самыя ж беларусы наадварот, выказваюць удзячнасць:

«Чаму я павінная кепска да гэтага ставіцца? Даюць – бяры. Любая дапамога важная. Дзякуй!»

«Гэта ж на карысць іншым людзям! Таму я толькі за».

«Хай шукаюць грошыкі, калі дзяржава не дапамагае. А што застаецца рабіць?»

«Дзяржаўныя арганізацыі таксама атрымліваюць дапамогу з-за мяжы, толькі гэта не афішуецца».

Пацвярджаюць гэта і прадстаўнікі недзяржаўных арганізацыяў.

«Насамрэч нашыя дзяржаўныя органы атрымліваюць нашмат больш грошай, чым любыя праграмы для грамадзянскай супольнасці. Шматмільённыя праекты, фінансаваныя Еўразвязам дзеля паляпшэння разнастайных галінаў дзейнасці нашай краіны, тады ўвогуле ўся нашая краіна – замежны агент», – кажа эколаг Ірына Сухій, сябра Рады «Экадом».

Недзяржаўныя арганізацыі паўстаюць з ініцыятывы грамадзянаў і служаць інтарэсам грамадства. Яны не ўдзельнічаюць у палітыцы, але аказваюць уплыў на ўлады. Калі ў дэмакратычных краінах прыслухоўваюцца да меркаванняў прадстаўнікоў людзей, то ў недэмакратычных іх называюць замежнымі агентамі ды абмяжоўваюць іх дзейнасць.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў