У Польшчы вызваляцца працоўныя месцы для беларусаў


Варшава, вакзал «Заходні». Штодзень сюды прыязджаюць сотні грамадзянаў Украіны, каб распачаць працу ў самых розных польскіх фірмах і арганізацыях. Што праўда, апошнім часам гэтае месца для нашых паўднёвых суседзяў стала хутчэй перавалачным пунктам на шляху да больш заможных еўрапейскіх сталіцаў.

Канстанцін Шэўчык прыехаў з Украіны тры гады таму. Уладкаваўся ў адну з польскіх фірмаў, цяпер жыве і працуе ў Варшаве. Ехаць на заробкі ў Нямеччыну, дзе заробкі большыя ўтрая, не плануе, бо тут і дом бліжэйшы, і мова, і традыцыі – усё амаль як на радзіме!

«Тут я пачуваюся больш як дома. А калі казаць пра дакументы, то легалізацыя ў Польшчы нашмат прасцейшая, чымся ў Нямеччыне», – распавядае Канстанцін Шэўчык, працаўнік польскай фірмы, Варшава.

Аднак ужо ў наступным годзе Нямеччына, дзе сёння сярэднія заробкі дасягаюць нават трох тысяч еўраў і больш, плануе лібералізаваць свой рынак працы для неграмадзянаў Еўрапейскага Звязу, а ў Бундэстагу рыхтуецца міграцыйны законапраект, які дазволіць тым жа ўкраінцам у спрошчаным парадку атрымаць працоўныя візы.

Польскія працадаўцы б’юць трывогу – цягам некалькіх гадоў краіна можа страціць да паўмільёна працаўнікоў з Украіны, што зменшыць валавы ўнутраны прадукт больш як на паўтара адсотка.

«Зноў паўстануць нішы, то бок месцы, якія трэба будзе кімсьці запоўніць», – гаворыць Мая Вінярская-Чайкоўска, агенцтва працы «MOJRA», Варшава.

Паводле розных падлікаў, у Польшчы, дзе сярэдні заробак у эквіваленце складае каля 1100 еўраў, працуе каля двух мільёнаў украінцаў. Аднак толькі 11 адсоткаў з іх плануюць застацца тут назаўжды, кажуць вынікі даследавання польскай кампаніі «Пэрсанал Сэрвіс».

«Украінцы не шукаюць новай радзімы. Яны шукаюць магчымасці зарабіць, і гэта самы галоўны пасыл для іх. Кожны другі ўкраінец, які працуе ў Польшчы, працуе тут не больш за тры месяцы. А больш за год працуе не больш за 4 адсоткі ўкраінцаў. То бок мы маем справу са звычайнай працоўнай маятнікавай міграцыяй», – каментуе Васіль Васкабойнік, праект «Партнёрства і працаўладкаванне».

Куды ж сёння ў першую чаргу плануюць ехаць у заробкі нашыя паўднёвыя суседзі? Згодна з тым жа даследаваннем «Пэрсанал Сэрвіс», толькі 6 адсоткаў маюць ахвоту працаваць у Расеі, яшчэ 26 адсоткаў – у Польшчы і ажно 37 адсоткаў – у Нямеччыне.

Паступовая пераарыентацыя з Усходу на Захад назіраецца і сярод працаўнікоў Беларусі – усё больш беларусаў шукаюць працу ў Польшчы. Ці маюць шанцы нашыя суайчыннікі запоўніць вызваленыя ўкраінцамі вакансіі?

«Для беларусаў шанцы ёсць напэўна. Калі, канечне, яны маюць жаданне працаваць у Польшчы. Гэтыя вакансіі для іх вельмі дасяжныя і прывабныя. Больш за тое, заробкі мусяць вырасці, бо, наколькі мне вядома, стаўка працы ў беларусаў вышэйшая, чым у грамадзянаў Украіны», – дадае Мая Вінярская-Чайкоўска, агенцтва працы «MOJRA», Варшава.

Зрэшты, самім працадаўцам патрэбны ў першую чаргу вынік, кажа палітолаг Алесь Лагвінец.

«Калі Польшчы будуць патрэбныя будаўнікі, то ёй будзе ўсё роўна – будуць гэта будаўнікі з Украіны ці з Беларусі. Трэба глядзець на асаблівасці працы ў адпаведных краінах. Як правіла, гэта сфера абслугоўвання, грамадскага харчавання і, відавочна, будаўніцтва», – тлумачыць палітолаг Алесь Лагвінец.

Летась працоўныя візы ў Польшчу атрымалі 35 тысяч беларусаў. Аднак нястача замежнай працоўнай сілы Варшаваю адчуваецца – толькі ў галіне будаўніцтва, згодна з падлікамі, не хапае каля ста тысячаў працаўнікоў.

Віталь Бабін, belsat.eu