У Польшчы пачала дзеяць забарона на гандаль у нядзелю


Харчы, побытавая хімія, вопратка – набываць гэтыя тавары шмат хто прызвычаіўся ў выходныя. Аднак жыхарам і наведнікам Польшчы свае набыткі неабходна было ажыццявіць да сённяшняга дня. У нядзелю амаль усе крамы краіны – зачыненыя.

Сёння пачала дзеяць забарона на гандаль у нядзелю. Адпаведны закон урад Польшчы падпісаў сёлета ў студзені. Як паставіліся да пераменаў польскія пакупнікі?

Жыхары ды госці Варшавы кажуць:

«Есць плюсы і ёсць мінусы. Людзі, якія могуць прабавіць нядзелю разам, будуць радавацца, а тыя, хто мае свае інтарэсы – бізнес, – будуць два дні на месяц мець менш угандляванага».

«Думаю, што нам гэта патрэбна, мы можам тады больш часу бавіць з сям’ёю. Калісьці раней так было, і не было вялікай праблемы. Думаю, што мы прызвычаімся».

«Я вельмі радая, бо працую ў краме, і сёння маю выходны».

«Мне сёння трэба набыць паперу, я не ведаю, дзе яе набыць, бо ўсё зачынена».

«Я працую за горадам тут. Прыязджаем у нядзелю – адзін дзень, калі можна пагуляць, пахадзіць па крамах. А тое, што крамы амаль усе закрытыя – гэта не вельмі».

Цягам года апроч святочных дзён крамы будуць зачыненыя ў другую ды трэцюю нядзелю месяца. Аднак ужо ў 2020-ым гандляваць можна будзе выключна ў сем адмыслова вызначаных нядзель у годзе.

Забарона гандляваць у нядзелю закранула і некаторых беларусаў. Перадусім з памежных з Польшчаю рэгіёнаў. Жыхары Берасцейшчыны ды Гарадзеншчыны прыязджалі па набыткі ў Тэрэспаль і Беласток. Сёння чэргі на мяжы значна паменелі. Не было ў гэтую нядзелю і гэтак званых шоп-тураў.

Жыхары Берасця кажуць:

«Беларусы як правіла ў шоп-туры едуць у выходныя, таму для беларусаў гэта будзе вельмі нязручна, вельмі нецікава».

«Не ведаю, як да гэтага ставяцца працаўнікі крамаў, але мне як спажыўцу было б нязручна».

«У выходны дзень трэба адпачываць, ці якое стаўленне да рэлігіі, то трэба ў царкву хадзіць. Я лічу, што нам таксама трэба як прыклад з суседзяў браць».

Тым не менш зрабіць дробныя набыткі ўсё адно будзе можна. Новаўвядзенне не закране гандлёвых пунктаў у вакзалах і аэрапортах. Не падпадаюць пад закон пякарні, невялікія крамы ды аптэкі апроч тых, хто працуе паводле франшызы.

Індывідуальным прадпрымальнікам, што самыя гандлююць за прылаўкам, дазволілі абіраць, ці рабіць нядзелю днём вольным ад працы. Забарона не датычыць і гандлю праз інтэрнэт, таму ўжо сёння ў Варшаве значна паболела курʼераў.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Фота – Vsetutpl