Аб'ектыў 11.12.2018 У піве стане менш соладу і болей цукру


Еўразійская эканамічная камісія ўхваліла новы тэхнічны рэгламент аб алкагольнай прадукцыі. Гэтак, піваварням дазволілі істотна зменшыць долю соладу. Правілы запрацуюць не раней за снежань 2020-ага. Півавары кажуць – рэгламент спрашчае бюракратычную валакіту. Спажыўцы глядзяць з асцярогай.

Праз два гады долю прадуктаў з цукрам у піве можна будзе павялічыць з 2-ух да 5-ці адсоткаў. Гэтак пастанавіла Еўразійская эканамічная камісія.

«Калорыяў больш будзе, калі будзе больш цукру».

«Ну, і што гэта за гарбата будзе? Як вядома, на густ і смак таварыша брак».

«Не п’ю піва. Мне лепей гарэлачкі, да пабачэння».

«Гэта дрэнна для цукру ў крыві, дыябет можа быць», – кажуць жыхары Менску.

Але півавары пераконваюць: адсутнасць жорсткай рэгуляцыі – сусветная практыка. Распавядае Аляксей Садоўскі, піваварня «Blood brothers»:

«Той жа цукар вельмі шмат дадаюць у бельгійскія гатункі піва. Бельгія – лідар у колькасці піва ў Еўропе, вельмі папулярныя гатункі. І прытым ніхто не гаворыць, што туды дадалі цукар, і гэта перастала быць півам».

Апроч гэтага, новы тэхнічны рэгламент пра алкагольную прадукцыю ЕАЭС дазваляе замяніць 50 замест ранейшых 20-ці адсоткаў соладу зернем або ўсё тымі ж кампанентамі з утрыманнем цукру. Паўлюк Канавальчык, галоўны рэдактар былой «Піўной газеты»:

«Адпаведна, беларускі вытворца мусіць ашчаджаць солад, і, я думаю, усё ж такі выбіраць дозу да 50 %».

Калі казаць пра кошты на піва, то паводле логікі рэчаў, яны маюць зменшыцца. Але замежныя канцэрны, у тым ліку і тыя, што скупілі прадпрыемствы ў Беларусі, ад гэтага не пацярпяць.

«Замежным кампаніям рынак тут будзе. Усё ж такі ёсць людзі з даходамі. Мясцовым кампаніям гэтыя гатункі піва не будуць уяўляць ніякай пагрозы, бо дорага, людзі глядзяць у кішэню. А потым, у піва ёсць замяняльнік – гэтак званыя «чарнілы», пладова-ягадныя віны. Будзе адбывацца асаблівая барацьба», – тлумачыць Леанід Заіка, эканаміст, дырэктар аналітычнага цэнтру «Стратэгія».

У выніку рынак алкагольных вырабаў стане больш разнастайны. Прыняцце новага рэгламенту сапраўды можа паспрыяць распаўсюду менш якаснай прадукцыі.

«Можна ўявіць сабе гіпатэтычна нейкую піваварню ў Расеі, якая варыць танны прадукт, для якіх важны кошт, і яны змогуць замяніўшы 20–30 % соладу, які яны абавязаныя дадаваць, заашчадзіць нейкую капейку», – распавядае Аляксей Садоўскі, піваварня «Blood brothers».

А значыць, пры паходзе ў краму давядзецца больш разборліва выбіраць бутэльку. У кожным разе, памятайце: празмернае ўжыванне алкаголю шкодзіць вашаму здароўю.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фота: REUTERS / Peter Nicholls / FORUM

Глядзі таксама
Каментары