У Пінску прайшоў парад чырлідараў


Паказальныя выступы наймацнейшых камандаў з Беларусі, Расеі ды Украіны пад акампанемент Пінскага аркестру духавой і эстраднай музыкі. У сталіцы Палесся прайшоў парад чырлідараў.

«Я прыблізна ведала, што такое чырлідынг, глядзела ў некаторых фільмах, але жыўцом гэта нашмат лепш, і тое, што было цяпер, – неперадавальнае ўражанне».

«Неверагодныя эмоцыі. Я лічу, што штогод трэба такое праводзіць. Гэта будзе стымул людзям займацца такім спортам», – дзеляцца ўражаннямі жыхары Пінску.

Гісторыя чырлідынгу, радзімай якога называюць ЗША, налічвае больш за 150 гадоў. Гэта не проста выступы дзяўчат-заўзятарак на стадыёнах у падтрыманне камандаў на матчах, а самастойная спартовая дысцыпліна. У нашае краіне яна дастаткова маладая. Афіцыйна відам спорту ў Беларусі чырлідынг прызналі ў 2017-м. Папулярнасць жа групы падтрымання пачалі набываць каля 8 гадоў таму.

Алег Язвін, дырэктар Беларускай федэрацыі чырлідынгу і камандаў падтрымання:

«Чырлідынг дастаткова папулярны ў нашае краіне, бо ёсць так званая школьная ліга чырлідынгу, у якой бяруць удзел каманды пры школах і пры ўстановах адукацыі. Яна збірае ў сябе спартоўцаў з розных вобласцяў нашае краіны, прычым з гарадоў, якіх раней на мапе я не заўважаў».

Галоўная падзея ў жыцці чырлідараў – міжнародны летнік на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэту, найбуйнейшы сярод краінаў СНД. Штогод сюды прыязджаюць удзельнікі з Расеі, Украіны, Кыргызстану, Казахстану, а таксама з Літвы, Латвіі ды Эстоніі. Сёлета ў летніку ўзялі ўдзел каля тысячы прыхільнікаў гэтага віду спорту самага рознага ўзросту.

«Мне вельмі падабаецца гэты від спорту, мне падабаецца ездзіць на спаборніцтвы, трэнавацца, выступаць дзесьці, на розных падзеях, ездзіць на алімпійскія дні», – распавядае ўдзельніца летніку Валерыя Якубоўская.

Выкладчыкі летніку – топавыя міжнародныя спецыялісты. Сярод іх прадстаўнік каманды Японіі, якая перамагла на чэмпіянаце свету. А таксама настаўнік са Злучаных Штатаў – адзін з найлепшых трэнераў, што вучыць выконваць «станты» – фігуры з падкідваннем чалавека. Чаму павучыцца знаходзяць не толькі спартоўцы, але і трэнеры.

Ян Янкоўскі, трэнер Беларускай федэрацыі чырлідынгу і камандаў падтрымання:

«Вельмі шмат новых ведаў, прыкладаў, што рабіць, як працуюць замежныя трэнеры, на што яны выдзяляюць увагу, як робяць пастаноўкі. Гэта досвед, які мы бяром ад замежных гасцей».

Нягледзячы на тое, што чырлідынг у Беларусі існуе нядаўна, нашым спартоўцам і трэнерам ёсць чым ганарыцца. На сёлетнім фестывалі Еўропы па чырлідынгу беларусы атрымалі срэбра і бронзу. Цешыцца ж яскравымі выступамі найлепшых камандаў жыхары Пінску імаверна змогуць штогод. Арганізатары летніку плануюць зрабіць парад чырлідараў традыцыйным.

Юлія Лабанава, belsat.eu