Аб'ектыў 05.06.2019 У Петрыкаве зносяць прыватныя будынкі, што не спадабаліся Лукашэнку


Калі ВАШ будынак замінае праезду Лукашэнкі або не парадуе вока кіраўніка краіны, яго… знясуць. Гэтак зруйнавалі сховішчы, ваенкамат, краму і цагельню ў Петрыкаве, што на Гомельшчыне.

Склепу няма, а клеці ля дому па вуліцы Карла Маркса ў Петрыкаве пазносілі. Пацярпелі ў двары не толькі клеці – тут выкарчавалі ружы, знішчылі палісаднікі, папілавалі дрэвы.

«Каму яно перашкаджае? А я вам скажу, каму. Тут стаяў ваенкамат, двор быў закрыты. Ваенкамат знеслі, двор мэру не спадабаўся, усё», – абураецца жыхар Петрыкава Юрый Брэсцкі.

Ваенкамат разам з шэрагам іншых будынкаў зруйнавалі ў межах праграмы добраўпарадкавання гораду.

«Вы прайдзіце па Пушкіна, прайдзіце да аўтастанцыі, па плошчы прайдзіце, па парках прайдзіце – з паркаў што зрабілі», – дадае спадар Юрый.

Так выглядаў цэнтр Петрыкава яшчэ летась. Цяпер жа на цэнтральнай плошчы ды вуліцах ацалелі лічаныя дрэвы, рэшту павысякалі, і ўсё закладаюць брукам. Такімі зменамі задаволеныя не ўсе петрыкаўцы:

«Гэтаму гораду даўно павінны былі надаць увагу, таму ўсё, што робіцца, гэта так трэба. У выніку ўсё будзе добра і прыгожа».

«Мы былі супраць, што шмат дрэваў паспілоўвалі».

«Горад – гэта не толькі дамы, а з дрэвамі, мне падаецца, нашмат лепш было».

«Я разумею, што гэта прыгожа, дызайн, я ўсё разумею, але трэба і пра людзей думаць».

Найбольш абурае жыхароў, што іхнага меркавання пра тое, як мае выглядаць іхны горад, ніхто не пытаўся:

«Прынялі рашэнне і… у нас так, можа, людзі і хацелі б, каб з імі хтосьці раіўся, але ў нас так».

«Сацыяльнае апытанне, магчыма, трэба было праводзіць. Можа, штосьці параілі б старажылы, можа, былі б цікавыя прапановы».

Аўральнае добраўпарадкаванне ў горадзе пачалося яшчэ ў сакавіку. Чаму? Петрыкаўцы маюць некалькі версіяў, і ўсе яны звязаныя з кіраўніком краіны:

«Таму што ў яго ў Ляскавічах рэзідэнцыя. Пралятаў на верталёце і сказаў: нязграбны горад, зрабіце прыгожы».

«Проста зараз будзе камбінат уступаць у строй, прыедзе, натуральна, ваш бацька, тут будзе штосьці глядзець».

Горнаўзбагачальны камбінат у Петрыкаве пачалі будаваць у 2014-м, і паводле плану сёлета напрыканцы года прадпрыемства ўжо мае запрацаваць. А загад добраўпарадкаваць горад Аляксандр Лукашэнка аддаў летась падчас паездкі па Гомельшчыне:

«Разбярыцеся, каб у траўні наступнага года мы паглядзелі Петрыкаў, каб ён быў не горшы, чым Жыткавічы».

Тэрмін цяперашняга візіту кіраўніка краіны дакладна не вядомы, адзін з варыянтаў – трэцяга ліпеня.

«Нават калі сюды ўсю Беларусь згоняць – яны не паспеюць гэта зрабіць да 3 ліпеня, дня незалежнасці».

«Як можна зрабіць горад узорнага парадку, калі цэнтральную вуліцу зрабілі, а побач суседнія, прабачце за выраз, у г…не?» – кажуць жыхары Петрыкава.

Школа веславання, пра якую мы распавядалі днямі, дакладна не ацалее ў гэтым капітальным рамонце – сёння гарадскія ўлады паведамілі трэнерам, што будынак зруйнуюць.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары