У Першую сусветную расейцы палілі беларускія вёскі


100 гадоў таму завяршылася Першая сусветная вайна. Па сваіх маштабах і выніках яна не мела роўных ва ўсёй папярэдняй гісторыі цывілізацыі. Вайна за 4 гады ахапіла 38 краінаў, дзе жылі тры чвэрці насельніцтва планеты. Па тэрыторыі Беларусі праходзіў самы насычаны войскамі – паўтара мільёна чалавек – Заходні фронт. За два з паловаю гады немцам ды аўстрыйцам так і не ўдалося яго прарваць і дайсці нават да Менску. Палова Беларусі апынулася пад германскай акупацыяй, а палова – у прыфрантавой зоне.

На гэтых мясцінах у сакавіку 1916 года адбылася Нарацкая наступальная аперацыя, найбуйнейшая бітва, якая паўплывала на лёс вайны. Расейскія войскі зрабілі спробу прарваць фронт у ваколіцах возера Нарач – ля Паставаў. Армія расейскага генерала Эверта вяла сканцэнтраваны наступ на пазіцыі 21-га корпусу арміі Германскай імперыі. Некалькі дзён вісеў туман, шарон быў крохкі, і салдаты глыбока правальваліся ў снег. Бліскучых вынікаў не было, але тым не менш менавіта з гэтага месца пачаўся адлік паразаў Германіі. Чаму? Ды сама аперацыя пачалася на просьбу Францыі. Нямецкія войскі з дня на дзень маглі ўзяць Вэрдэн. Царскае камандаванне пайшло насустрач і пачало найбуйнейшую бойку стагоддзяў. Германія вымушана была перакінуць сюды свае рэзервы. А тым часам Францыя атрымала магчымасць перагрупаваць войскі.

Гэтая зямля, са словаў відавочцаў, была залітая крывёю. Целы забітых былі паўсюль. Загінулых было столькі, што іх не паспявалі хаваць. А гэта каля 80 тысяч салдатаў і афіцэраў расейскага войска і, паводле розных падлікаў, ад 20 да 40 тысяч немцаў ды аўстрыйцаў. Да нашых дзён захаваліся вайсковыя збудаванні. Вось тут нямецкія, якія цяпер сяляне выкарыстоўваюць як сховішча для харчоў.

«Мясцовыя распавядаюць, якія цяжкія былі часы. Ім тут таксама загадвалі працаваць. Розныя былі працы. Людзей шмат загінула. Дагэтуль знаходзяць парэшткі людзей, снарады тых часоў», – распавядае мясцовы жыхар, мастак Алесь Цыркуноў.

На Мядзельшчыне – некалькі нямецкіх кладаў. Захаваліся яны дзякуючы Народнаму звязу Германіі. Гэтая арганізацыя даглядае нямецкія магілы ва ўсім свеце.

У Нарачы манумент усталявалі ў ліпені 1916-га пасля Нарацкай аперацыі салдатам 21-га армейскага корпусу.

Манумент даволі моцны. У часы Другой сусветнай партызанам удалося толькі адстрэліць галаву арлу. Такая помста немцам. А побач – крыжы. Гэтыя простыя крыжы салдатам. Чытаем: Курт, Вольфганг, Ганс, Ота, Ёган… А тут пахаваны афіцэр. Ёсць і расейскія салдаты, якіх пахавалі немцы. Дарэчы, расейцы яны ці беларусы? Магілаў забітых салдатаў царскай арміі больш практычна не захавалася. Няма каму было іх даглядаць. Бальшавікам, якія потым захапілі ўладу, гэта было не цікава.

«Вось гэтую сапёрную рыдлёўку я знайшоў у акопе каля возера Мядзель. Бачна, што дзве адтуліны – ад розных калібраў. Яе, хутчэй за ўсё, выкарыстоўвалі, каб бачыць, ці прастрэльваецца тэрыторыя снайперамі. Побач з гэтаю рыдлёўкаю была салдацкая бляха. Зразумела, што там і парэшткі таго чалавека. Магілаў салдатаў царскай арміі тут не знойдзеце. Іх забітых папросту закопвалі ў акопах. Так што ўсе акопы – гэта і ёсць іх магілы», – кажа мясцовы жыхар Юрась Камандзірчык.

Няма дагэтуль дакладнай лічбы страчанага насельніцтва. Навукоўцы сцвярджаюць, што Першая сусветная вайна нанесла беларусам большыя страты, чым Другая. Царскія ўлады правялі менавіта ў беларускіх губернях самую масавую мабілізацыю. Ва Усходняй Беларусі ў войска забралі больш за палову мужчынаў, а ў заходняй – мабілізацыя была пагалоўная. У царскім войску было ажно 39 палкоў з беларускімі найменнямі. А яшчэ ж і 57 дружынаў рушэння, якія таксама ваявалі. А што ж мірнае насельніцтва? Тут яшчэ горш. Людзей прымусова гналі ў эвакуацыю. Яны імкнуліся ўцячы дахаты. І тады царская ўлада пачала паліць беларускія вёскі, каб сялянам не было куды вяртацца. Так што ўпершыню беларускія вёскі палілі не немцы ўлетку 1941–га.

Любоў Лунёва