У перадвыбарчай гонцы вылучэнцы з народу ўжо апераджаюць супернікаў


Прэтэндэнтам на дэпутацтва, не згодным з палітыкаю ўладаў, цяжка сабраць 1000 подпісаў, каб стаць кандыдатам. Бо беларусаў, ахвотных іх падтрымаць значна болей. Ужо 1200 подпісаў аддалі берасцейцы за вылучэнне Алены Макарэвіч – праціўніцы акумулятарнага заводу.

Самавылучэнка на кандыдацтва ў парламент Алена Макарэвіч ад пачатку супрацьстаяла запуску на мяжы Берасця шкоднай вытворчасці. Ва ўладзе хоча прасунуць заканадаўчыя змены:

«За 20 месяцаў супрацьстаяння працы акумулятарнага заводу выявілі вельмі шмат несастыковак у заканадаўстве, і ў нас ужо ёсць пэўныя напрацоўкі».

Алена Макарэвіч мае ўжо каля 1200 подпісаў, хоць дзеля рэгістрацыі кандыдаткаю дастаткова тысячы. Цяпер каманда з лагатыпам «ЖЫЦЬ» пераарыентавалася на збіранне подпісаў для яшчэ траіх эка-актывістаў.

Раман Кісляк, вылучэнец на дэпутацтва:

«Гэта эфектыўна для пазнавальнасці, дзеля таго, каб людзі ведалі, што гэта мы, адная каманда. Эфектыўнасць гэтаксама ў тым, што мы можам пераключацца з адной акругі на другую вельмі хутка».

Адразу чатыры фота на пікетах… разам яны забяспечваюць альтэрнатыву для выбарнікаў ва ўсіх тэрытарыяльных акругах Берасцейшчыны, але ці гатовыя людзі галасаваць на іхную карысць?

«Падтрымліваю тое, што яны вырашылі высоўваць свае кандыдатуры, і я з задавальненнем пастаўлю подпіс за іх».

«Усё роўна гэтыя выбары – смех адзін, «гульнюшка».

«Мяркую, што ў дэпутаты маюць ісці людзі, якія хоць троху разбіраюцца ў эканоміцы, юрыспрудэнцыі, педагогіцы», – кажуць жыхары Берасця.

Сёлетнюю выбарчую кампанію адрознівае высокая актыўнасць вылучэнцаў з народу, эка-актывістаў з розных куткоў краіны. На пачатку электаральнай кампаніі асобы, якія навучыліся весці дыялог з уладаю, супрацьстаяць ёй і дамагацца выніку… сустрэліся ў Менску дзеля вылучэння сваіх прадстаўнікоў у заканадаўчым органе. Падтрыманне ў іх значна большае, чымся ў палітыкаў – кажа палітолаг Вольга Харламава:

«Прыналежнасць да партыі, партыйныя лозунгі, планы і мэты з’яўляюцца адмоўнымі момантамі, адмоўнымі рысамі любой палітычнай кампаніі».

Ведаючы пра такія рызыкі, вылучыцца ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі аднак спрабавала дзейная дэпутатка Ганна Канапацкая. АГП ж ёй адмовіла, абвінаваціўшы між іншага ў слабым прасоўванні партыйных інтарэсаў у Палату.

Таму дэпутатка прыпыніла сяброўства ў АГП і вылучаецца самастойна. Неабходную тысячу подпісаў ужо мае. Патэнцыйным выбарнікам распавядае пра плён 43 сваіх дэпутацкіх ініцыятываў.

Ганна Канапацкая, дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў, вылучэнка:

«Я падрыхтавала сама шэраг законапраектаў: Выбарчы Кодэкс ужо ўнесены ў Палату. Законапраект аб выключэнні ілжэпрадпрымальніцтва ўжо дзейнічае (артыкул за ілжэпрадпрымальніцтва ў Крымінальным кодэксе скасаваны), праект Кодэкса аб зямлі ўжо падтрыманы профільнай камісіяй».

Мае пайсці на разгляд таксам Закон Аб абароне гісторыка-культурніцкіх сімвалаў Беларусі: бел-чырвона-белага сцягу і гербу «Пагоня».

Заўтра дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў шостага склікання распачнуць сваю апошнюю сесію. Паводле Канстытуцыі, іхныя паўнамоцтвы мелі скончыцца толькі праз год, але кіраўнік Беларусі вырашыў – не праводзіць парламенцкае кампаніі ў адзін час з прэзідэнцкай.

Юлія Цяльпук belsat.eu