У Печах судзяць прапаршчыка. А дзе забойцы Коржыча?


Імя прапаршчыка, які апынуўся на лаве падсудных, не называюць. Яго вінавацяць ва ўжыванні гвалту да жаўнераў ды развязанні пытанняў, што ўваходзілі ў ягоную кампетэнцыю, за хабар. Следства ўсталявала больш за 30 фактаў перавышэнняў службовых паўнамоцтваў.

«Нясуць не ўстаўныя дачыненні матэрыяльны характар. То бок, дзеля таго, каб неяк менш задзейнічаць радавога, то бок – нарадаў, менш па плацу маршыраваць, нейкія паблажкі, бонусы, – трэба плаціць. Таму літаральна напачатку гэтага году ў дачыненні аднаго з прапаршчыкаў 72 НЦ накіравана крымінальная справа ў суд», – распавёў пракурор Менскай вобласці Алег Лаўрухін.

Раней за махлярства завялі крымінальную справу на іншага прапаршчыка

У Артура Вірбала знайшлі банкаўскую картку, з якой здымалі грошы загінулага Аляксандра Коржыча. Што да расследавання смерці жаўнера – Следчы камітэт Беларусі падоўжыў правяранне да 9-га красавіка.

«Я чакаю, што пакараюць забойцаў, а Артур – гэта махляр і вымагальнік грошай. А я чакаю забойцаў, якія збілі яго так, што мой сын не мог ні сядзець, ні стаяць… ляжаў на стале. На маё пытанне: ён памёр на стале? Адказалі – не, прыехаў капітан і яго кудысьці ўвёз. Усё, больш ніхто яго не бачыў», – падзялілася перажытым маці загінулага жаўнера Святлана Коржыч.

Што ў такім стане Аляксандра Коржыча прывезлі з медчасткі, Святлане распавялі ягоныя саслужыўцы. У версію самагубства, пра якую ішла гаворка пачаткова, сяржанты не вераць. У частцы нібыта ведаюць, хто насамрэч вінаваты, аднак з пэўных прычынаў права не зрушылася з мёртвай кропкі. Пакуль за дзедаўшчыну ў Печах перад судом паўстаў толькі адзін прапаршчык.

Пра тое, што неўстаўныя стасункі ў вучэбным цэнтры ў Печах існавалі прынамсі ў 2011 годзе, калі ён служыў, распавёў і былы рэзервіст Аляксандр Папко. Беспасярэдне ён з дзедаўшчынаю не сутыкаўся, бо служба ў рэзерве адрозніваецца ад той, якую праходзяць жаўнеры-тэрміноўцы. Тым не менш нават ім за грошы прапаноўвалі пайсці ў звальненне.

Аляксандра Коржыча летась у кастрычніку знайшлі павешаным на тэрыторыі вайсковай часткі з завязанымі нагамі ды нацягнутаю на галаву майкаю. Цяпер следства разглядае тры версіі: давядзенне да самагубства, забойства ці самагубства.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum