У Паўднёвай Карэі - новы прэзідэнт, у Венесуэле - пратэсты 


У Паўднёвай Карэі сёння прыступіў да выканання абавязкаў новы прэзідэнт – Мун Чэ Ін. Кандыдат ад Дэмакратычнай партыі набраў 41 адсотак галасоў выбарцаў і паабяцаў быць прэзідэнтам усіх карэйцаў, за каго б яны ні галасавалі.

Датэрміновыя выбары ў Паўднёвай Карэі адбыліся ў сувязі з імпічментам былой кіраўніцы Пак Кын Хе, абвінавачанай у карупцыі ды іншых парушэннях закону.

«Я прымаю гэтую пасаду з пустымі рукамі і пакіну яе з пустымі рукамі. Я буду прэзідэнтам, які зможа вярнуцца на радзіму як звычайны грамадзянін», – заявіў Мун Чэ Ін падчас інаўгурацыі.

Папярэдніцу Му Чэ Іна падазраюць у карупцыі. Пак Кын Хе пераводзіла дзясяткі мільёнаў долараў ад карэйскіх кампаніяў на рахункі грамадскіх фондаў, ды дзялілася сакрэтнымі дакументамі са сваёй блізкай сяброўкай. За гэта парламент абвесціў ёй імпічмент. Прэзідэнт тройчы прасіла ў народа і ўрада прабачэння ў публічных прамовах, але ў выніку масавых пратэстаў сышла ў адстаўку.

«У выпадку неабходнасці я буду сумленна супрацоўнічаць з пракурорскім следствам і пагаджуся на расследаванне адмысловай пракурорскай групы», – кажа Пак Кын Хе.

Зусім іншая сітуацыя ў Венесуэле. Парламенцкая большасць прызначыла рэферэндум аб імпічменце Нікалясу Мадура за развал эканомікі, карупцыю і злоўжыванне ўладай. Але прэзідэнт кантралюе выканаўчую і судовую ўладу, таму здолеў адкласці рэферэндум ды сабраць Устаноўчы сход для перапісвання Канстытуцыі.

«Яны хочуць зрабіць Канстытуцыю, як на Кубе, каб заставацца пры ўладзе, і каб мы не маглі ад іх пазбавіцца. Таму мы застанемся на вуліцах», – кажа ўдзельнік акцыі пратэсту ў Каракасе.

«Я пратэстую, бо Венесуэла ў вельмі кепскім стане. Страшна выраслі кошты, але настрашней – моцныя рэпрэсіі. Маладых людзей забіваюць без разбору. Я з гэтым не згодная».

Паліцыя, спецслужбы і войска разганяюць масавыя акцыі пратэсту, у тым ліку страляючы баявымі патронамі. Дзясяткі загінулых, сотні параненых і затрыманых.

«Спадчына дыктатуры Уга Чавэса вісіць над Венесуэлай. З іншага боку мы бачым Паўднёвую Карэю, дзе дзейнічаюць дэмакратычныя інстытуты ўлады, дзе карупцыя стрымліваецца як прававой дзяржавай, так і больш-менш свабоднай прэсай», – адзначае палітолаг Алесь Лагвінец.

Палітыка – гэта размеркаванне публічных грамадскіх дабротаў. Імпічмент прэзідэнту – выказванне недаверу, калі ён не служыць народу, а жыве, як кароль. На жаль, у Беларусі арганізаваць законны імпічмент практычна немагчыма.

«На самым пачатку кіравання Лукашэнкі было зроблена ўсё, каб знішчыць незалежнасць іншых галінаў улады, каб прэса была залежная ад улады ці была пад моцным ціскам», – кажа Лагвінец.

Карупцыя, выкраданні і забойствы палітычных апанентаў, стварэнне пагрозаў для нацыянальнага суверэнітэту, прыдушэнне свабодаў і збядненне насельніцтва – за 23 гады кіравання Лукашэнкі апазіцыя назбірала на яго вялізнае дасье. Але, калі няма ні выбараў, ні права на пратэст, пайсці паўднёвакарэйскім шляхам не атрымаецца.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».