У пастцы беднасці: Як будзе пагаршацца наш дабрабыт


Імкліва змяншаюцца рэальныя заробкі. З афіцыйнай статыстыкі вынікае, што ў кастрычніку беларусы атрымалі на рукі менш, чым нават 10 гадоў таму. У наступным годзе будзе яшчэ горш – вынікае з прагнозу экспертаў.

Праз месяц – сядаць за святочны стол і падводзіць вынікі года. Матэрыяльным бок – сёлета не наймацнейшы. Паводле статыстыкі, летась у кастрычніку налічаны заробак быў на 50 долараў вышэйшы, чым у кастрычніку сёлета, калі ён склаў $ 497.

Жыхары Магілёва кажуць:

«Калі параўноўваць з мінулым годам, то на 30% недзе ўпаў».

«Я прыватнік, працуем на Еўропу. У нас усё добра ў гэтым плане».

«Зменшыўся напэўна недзе на 20 % ».

«Я мусіла звольніцца з працы. Казаць не хачу – па якой прычыне, але думаю, шмат каму вядома – па якой».

«Ён жа за стырном, і сістэму гэтую стварыў, каб я жабраком быў. Бо быў некалі час, калі я ў модных крамах апранаўся».

Да крызісу 10-гадовай даўніны, калі ўзяць тагачасную пакупніцкую здольнасць, людзі зараблялі больш. І Валавы ўнутраны прадукт, нават планавы, павялічваўся. Да спаду, які пачаўся ў Беларусі ў 2019 годзе, сёлета далучыўся выкліканы новаю хваробаю, а потым і грамадска-палітычны.

Яшчэ на мільярд долараў павялічыўся дзяржаўны доўг краіны. Да канца года Беларусь мае аддаць па замежных крэдытах $ 2,1 млрд, нашым банкам – $ 3,1 млрд і 11,2 млрд – нашым прадпрыемствам.

«Гэта ключавая рызыка для эканомікі краіны, няздольнасць пагасіць ці рэфінансаваць дзярждоўг прадпрыемстваў рэальнага сектару эканомікі, у якім працуе вялікая колькасць людзей. Гэта можа прывесці па сутнасці да дэфолту банкаўскай сістэмы Беларусі», – кажа Алег Мазоль, навуковы супрацоўнік Beroc.

Галоўны паказнік эканамічнага росту – Валавы ўнутраны прадукт сёлета ніяк не выканаць – кажа кіраўнік цэнтру Мізеса Яраслаў Раманчук. На працягу года буйныя прадпрыемствы працавалі на склады:

«І такіх грошай, якія склалі вонкавую дэбіторскую запазычанасць, цяпер недзе на $ 12 млрд. Гэта вельмі вялікая сума, якая сведчыць пра тое, што дэ-факта эканоміка ў значна глыбейшым крызісе, чым сведчаць нават гэтыя паказнікі. Таму памяншэнне рэальных заробкаў на 20-25 % у наступным годзе – гэта яшчэ аптымістычны сцэнар», – не суцяшае эканаміст.

Паводле эканаміста, Лукашэнка стварыў сістэму, згода з якой улада і набліжаныя да яе асобы зарабляюць на падаткаплатніках незалежна ад таго, расце эканоміка, ці падае. Праблема, што сур’ёзныя падаткаплатнікі масава ўцякаюць з краіны. Ужо не менш за 3 % у ВУП Беларусь страціла праз пераезд кампаніяў ІТ, прадпрымальніцкага сектару, навукі, адукацыі і медыцыны.

«Мы трапілі ў «пастку беднасці», з якой без дапамогі якаснага чалавечага капіталу, без людзей, якія ведаюць як трэба працаваць у бізнесе – мы не вызвалімся. Калі не праводзіць рэформы і не ісці на кампрамісы, то нас чакаюць вельмі складаныя часы», – дадае Алег Мазоль, навуковы супрацоўнік Beroc.

Праблемаў ужо процьма – сённяшнія словы Аляксандра Лукашэнкі:

«Такога, напэўна, і вы не памятаеце года, як гэты 2020, высакосны, вельмі цяжкі год. Але ці тое яшчэ будзе!»

Уладзе, якая закрыла для краіны плынь інвестыцыяў і крэдытаў з Захаду, застаецца разлічваць толькі на рэфінансаванне старых крэдытаў і атрыманне новых – з Расеі. Коштам незалежнасці – падазрае Яраслаў Раманчук і малюе змрочны прагноз:

«Гэта можа здарыцца на пачатку наступнага года, ён будзе вымушаны друкаваць грошы. Гэта зноў давядзе да дэвальвацыі, інфляцыі, і зноў тады людзі будуць уцякаць з беларускага рубля. Потым яму прапануюць выйсце, напрыклад, праз тое, каб падпісаць гэтыя 31 дарожную мапу».

Пра гатовасць вярнуцца да будавання Саюзнай дзяржавы Лукашэнка напярэдадні ўжо ўзгадваў – пад час сустрэчы з кіраўніком МЗС Расеі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева(«Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!