У Паставах пагарэліца рамантуе дом на «дзіцячыя» грошы


Жыхарка Паставаў Аксана Лазікевіч спрабуе дамагчыся ад дзяржавы дапамогі. Пасля пажару ў суседняй кватэры ейныя жыллёвыя ўмовы сталі небяспечнымі. На гэтым месцы была яшчэ адна частка дому, яна згарэла. А другую, тую, дзе і жыве Аксана, не толькі пашкодзіў пажар, але і залілі вадою пры тушэнні.

Пажар пашкодзіў падмурак дому і сцены ўнутры, а ад вады ў доме абвіслі столі ды палезла цвіль. Таму жанчына не можа пачаць рамонт у пакоях, папсаваных пажарам. Аксана непакоіцца за бяспеку маленькага сына.

«Вось тое, што ідзе да жылога пакою ў пачатку дому. Яно адрозніваецца, што там… гэта касметычным рамонтам прыбраць можна. Што да сэрца пажару…», – паказвае пашкоджанні Аксана Лазікевіч.

Сёння яна жыве толькі на дзяржаўную дапамогу на дзіця, зрабіць самастойна капітальны рамонт даху і падмурку жанчына не ў стане, таму просіць дапамогі ў мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Але ў адказ…

«ЖКГ крычыць: дом у добрым стане, а апека – што жыллё не падыходзіць для дзіцяці. Яны лічылі, што жыллё ў аварыйным стане», – дзеліцца Аксана.

Рамонт дому ідзе павольна, што не задавальняе апеку. Дзе шукаць падтрымання і што рабіць, каб не забралі дзіця, Аксана не ведае. Прадстаўнік камунальных службаў патлумачыў, што праводзіць унутраныя работы яны не абавязаныя, а сцены і падмурак хаты – у здавальняльным стане. Аднак адказаць на пытанні на камеру адмовіўся.

«Я вам усё распавёў, усё паказаў. Усё», – зачыніў дзверы прадстаўнік ЖКГ.

Паводле юрыста Андрэй Мачалава, у такіх сітуацыях заўсёды адказны адзін, ён і павінен ліквідаваць пашкоджанні.

«Па агульным правіле тут заўсёды адказвае вінаваты. Вінаваты гэтага ўзгарання. У дадзенай сітуацыі я рэкамендаваў бы гераіні звярнуцца ў РАНС, каб атрымаць інфармацыю, што было праведзена нейкае расследаванне і хто быў прызнаны вінаватым», – тлумачыць Андрэй Мачалаў.

Але ж вінаватая – пажылая суседка – на гэтым жа і пажары і загінула.

«У такім выпадку яна можа прадʼявіць патрабаванні да спадчыннікаў загінулай жанчыны. Але маральны аспект дадзеных дзеянняў я не бяруся ацэньваць», – кажа юрыст.

Уся дапамога, якую жыхарка Паставаў атрымлівае цяпер, паступае ад неабыякавых беларусаў. Але на тое, каб прывесці дом у бяспечны для дзіцяці стан, пакуль не стае.

Алена Дубовік, «Белсат»