У палітыку прыходзіць новае пакаленне


Пра тое, што не будзе больш балатавацца на пасаду старшыні партыі, Станіслаў Шушкевіч заяўляў і раней, спасылаючыся на ўзрост. Сёлета 83-гадовы палітык перанёс інфаркт. Аднак сыходзіць з БСДГ ён намеру не мае. Наперадзе – шмат запрашэнняў на форумы.

«Лячу зараз найбліжэйшым часам у Парыж, пасля ў Таллін. У мяне ёсць чым займацца. Але развязваць арганізацыйныя пытанні такога плану, кшталту, як кіраваць партыяй і знаходзіць сродкі для яе існавання ў адпаведнасці з нашым агідным заканадаўствам, я, прабачце, – не здольны», – прызнаўся Станіслаў Шушкевіч, экс-кіраўнік БСДГ.

Саступіць сваё месца пасля 20-ці гадоў кіравання партыяй Станіслаў Шушкевіч жадаў перадусім прадстаўніку маладога пакалення. Гэтак і адбылося. На пасаду новага старшыні БСДГ абралі 33-гадовага бізнесоўца Сяргея Чарачэню. За ягоную кандыдатуру прагаласаваў 31 сябра партыі з 36. Гэтак гадавалы сябра арганізацыі абышоў адзінага канкурэнта Валерыя Арцішэўскага. Як мяркуюць у апазіцыйных колах, заможны кандыдат здабыў перамогу не без таго, што знайшоў шлях для фінансавання партыі.

«Я проста са свайго боку прапанаваў партыі варыянт далейшага існавання – то бок ідэалогія і тыя прынцыпы, якімі я кіруюся, Станіслаў Станіслававіч падтрымаў, і «набыць» партыю – гэта беспасярэдне заплаціць за яе грошы. Грошай я не плаціў. Я прапанаваў перспектыву», распавёў Сяргей Чарачэня, новаабраны старшыня БСДГ.

Пра тое, што менавіта Сяргей Чарачэня заменіць Станіслава Шушкевіча, хадзілі чуткі і раней. Што праўда, не ўсе пазітыўна ставіліся да такой перспектывы. Чарачэня – былы сябра Камуністычнай партыі Беларусі. Цяпер ён узначальвае арганізацыю «Дыпламатыя», што паўстала з некалі пракрамлёўскага дыскусійнага клубу. Тым не менш Шушкевіч жа за свайго пераемніка спакойны ды адзначае перадусім лідарскія якасці новага старшыні.

«Ведаеце, гэта новае пакаленне людзей, у іх новае разуменне, і трэба, каб яны рэфармавалі такія структуры палітычныя, як Беларуская сацыял-дэмакратычная (Грамада). Ну, рэфармавалі ў добрым кірунку. Я спадзяюся на гэта», – разлічвае Станіслаў Шушкевіч, экс-кіраўнік БСДГ.

Тое, што адныя лідары апазіцыі становяцца менш актыўныя, а іншыя ўвогуле пакідаюць кіроўныя пасады – натуральны працэс. Адзначае палітолаг Алесь Лагвінец. Больш моладзі прыходзіць і ў вертыкаль Лукашэнкі. У тых жа, хто ў апазіцыі – менш магчымасці сябе праявіць і здабыць палітычны рэйтынг.

«Калі ты выкладчык ва ўніверсітэце, і ты пачынаеш заангажоўвацца ў палітычнае дзеянне, то, відавочна, што ты страціш сваю пасаду. Калі ты настаўнік у школе, тое ж самае можа адбыцца. Калі ты раптам без дазволу вырашыш балатавацца нават у мясцовую раду», – кажа Алесь Лагвінец, палітолаг.

Сваю стратэгію дзеяння Чарачэня пакуль акрэслівае гэтак – аднавіць працу сайту БСДГ, прыцягнуць больш моладзі ў партыю, падрыхтаваць кандыдатаў да ўдзелу ў будучых выбарах. Што да каштоўнасцяў – яны для сацыял-дэмакратаў застаюцца нязменныя, а таму радыкальныя змены партыю не чакаюць.

Юлія Лабанава, «Белсат»