У «падпольным» ліцэі – чарговы выпускны


Коласаўскі ліцэй святкуе перад’юбілейны, 29-ы выпускны. Навучальная ўстанова была заснаваная 30 гадоў таму і большую за палову з іх працуе ў так званым падполлі. А менавіта – па-за межамі дзяржаўнай адукацыі.

Гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа быў заснаваны на пачатку 1990-х гадоў і адразу стаў найпапулярнейшай беларускай навучальнай установай: на кожным з чатырох курсаў навучаліся да сотні ліцэістаў. Але цяперашняя ўлада хутка зразумела, што адукацыя і выхаванне маладога пакалення беларусаў не адпавядае ідэалогіі і, не зважаючы на шматлікія пратэсты навучэнцаў, настаўнікаў і бацькоў, 17 гадоў таму зліквідавала ліцэй.

«Можна сказаць, што лёс ліцэю – гэта і лёс асноўнай каштоўнасці беларусаў, беларускай мовы, беларускай тоеснасці, і паказальнік стаўлення да гэтых каштоўнасцяў самой дзяржавы. І таму вельмі добра, што ліцэй захаваўся, і захаваўся ён дзякуючы бацькам і вучням, якія штогод прыходзяць да нас і не даюць спыніць гэтую справу», – кажа нязменны дырэктар ліцэю Уладзімір Колас.

У розныя гады ліцэістам чыталі лекцыі выкладчыкі доктарска-прафесарскага складу, вядомыя літаратары, гісторыкі і лінгвісты: Пятро Васючэнка, Міхась Тычына, Захар Шыбека, Анатоль Сідарэвіч, Пётра Садоўскі, Валянцін Голубеў, Лявон Баршчэўскі, Павел Церашковіч і многія іншыя.

«Мы вырашылі стварыць беларускамоўны ліцэй як узор для ўсёй адукацыі. І зрабіць яе не толькі беларускамоўнай, але і вельмі якаснай. І гэта нам удалося. Нягледзячы на ўсе моманты, а з тае ідэі прайшло ўжо 30 гадоў, нароўні другога-трэцяга курсу ўніверсітэту. І калі нашы вучні здаюць іспыты, як правіла, яны здаюць іх на высокім узроўні», – кажа выкладчык і адзін з заснавальнікаў ліцэю Алег Трусаў.

Коласаўскі ліцэй – гэта яшчэ і пляцоўка для творчай рэалізацыі моладзі: дакументальныя фільмы, ліцэйская газета, калядаванні і ўнікальныя вандроўкі па гістарычных мясцінах Беларусі – такая праграма ліцэйскага жыцця па-за навучаннем. Гэтую школу прайшлі больш за тысячу навучэнцаў, сярод выпускнікоў – акторы, выкладчыкі, мастакі.

«Нашыя выпускнікі маюць шмат дасягненняў: у нас шмат ёсць дактарантаў, многія пайшлі ў сферу адукацыі – спіс нават састаўляла такіх дасягненняў. У нас ёсць нават святар», – кажа намесніца дырэктара ліцэю Эліна Кажарская.

Улады адабралі будынак у ліцэю і аддалі суду, які судзіць за іншадумства ў тым ліку яго выпускнікоў і нават выкладчыкаў. У падполлі, але не скароны – ліцэй працягвае жыць і працаваць.

Галіна Абакунчык «Белсат»