Аб'ектыў 19.05.2018 У новым спісе «дармаедаў» можа быць у пяць разоў больш, чым у Беларусі беспрацоўных


Міністэрства працы і сацыяльнай абароны да снежня складзе спіс асобаў, незанятых у эканоміцы. У новы спіс «дармаедаў» могуць уключыць 250 000 чалавек. У Беларусі афіцыйна менш за 50 000 беспрацоўных.

Тэма дармаедства ніяк не адпускае беларускіх чыноўнікаў. Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч абяцае скласці спіс людзей, якія падлягаюць пад дзеянне дэкрэту нумар 1. Пілотную версію пададуць да 1 верасня, а ўжо 1 снежня база мае запрацаваць, і абнаўляцца яна будзе штоквартальна.

«Міністр працы паведаміла, што ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі сёння паўадсотка. Колькасць беспрацоўных скарачаецца», – падаў у эфіры тэлеканал «Беларусь 1».

І хоць афіцыйна беспрацоўя ў нас усё менш, пад дзеянне абноўленага дэкрэту можа трапіць да 250 тысячаў чалавек.

Што праўда, гэтым разам гаворка не пра падатак, а пра поўную аплату некаторых жыллёва-камунальных паслугаў з наступнага года.

Камісіі, якія на падставе пераліку жыццёвых сітуацыяў будуць выкрэсліваць людзей з дармаедаўскага спісу, амаль сфармавалі. Таксама яны маюць нібыта дапамагчы з працаўладкаваннем.

«Хочуць, каб занялі працоўныя месцы, дзе ніхто не хоча працаўладкоўвацца. На 100, на 150 рублёў. Пад страхам, каб людзі працавалі за капейкі», – кажа Алег Волчак з «Прававой дапамогі насельніцтву».

Праваабаронца зазначае, што дзеянне такіх камісіяў не месціцца ў прававым полі, а грамадзяне Беларусі не абавязаныя перад імі апраўдвацца.

«Па-першае, гэта ўсё супярэчыць канстытуцыі, артыкулу 41, што кожны мае права свабодна выбіраць сабе працу, працаваць або не працаваць», – дадае Волчак.

Летась спроба рэалізацыі дэкрэту нумар тры прывяла да масавых маніфестацыяў. Хвалю пратэстаў улады жорстка здушылі, але дзеянне дэкрэту так ці інакш былі вымушаныя прыпыніць. А ці справакуе новы закон чарговыя народныя хваляванні?

«Менск, тут яшчэ жыць можна. А ў рэгіёнах робіцца невыносна жыць. І ўсё роўна гэта цісне. Людзей сітуацыя маральна паступова дадушвае. Недзе на нечым яно прарвецца», – кажа Мікола Статкевіч з Беларускага нацыянальнага кангрэсу.

Але пакуль, як дадае Мікола Статкевіч, незадаволенасць праяўляецца ў мясцовых бунтах і пошуках лепшай долі за межамі Беларусі, а нават і спадзяваннямі на Расею. Нягледзячы на тое, што на Усходзе таксама адносна нізкі ўзровень жыцця, расейскі тэлевізар сваю справу робіць.

Вітаўт Сіўчык; фота вокладкі – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum

Глядзі таксама
Каментары