«У нас пачуццё віны перад дзецьмі і ўнукамі» – трэці марш пенсіянераў

Два маршы пенсіянераў – незалежны і праўладны – прайшлі сёння па адным праспекце, пачаўшыся на плошчы Незалежнасці.

Марш пенсіянераў за перамены праходзіць у Менску ўжо трэці панядзелак запар. Першы раз сталыя людзі выйшлі 5-га кастрычніка, каб падтрымаць студэнтаў, сённяшняя акцыя мела назву Марш мудрасці.

«Па-першае, у нас пачуццё віны перад дзецьмі і ўнукамі, гэта нашае пакаленне выбрала такога прэзідэнта».

«Крыўдна, што такое адбываецца, крыўдна».

«Абстаноўка тут… я значна горш пачувалася, калі сядзела дома, а цяпер я памаладзела душой», – кажуць удзельнікі маршу.

«Вельмі цяжка заставацца ўбаку, асабліва калі бачыш, што выходзяць пенсіянеры, бабулі і дзядулі, я разумею, што ў мяне проста больш сілаў ісці, і я хачу іх падтрымаць», – дадае маладая дзяўчына, таксама ўдзельніца маршу.

Далучылася да маршу і Ніна Багінская. Удзельнікі Маршу мудрасці дайшлі да плошчы Якуба Коласа.

Паралельна з Маршам мудрасці на другім баку вуліцы, а часам і па праезнай частцы, ішоў праўладны марш. І калі бел-чырвона-белую калону сустракалі воплескамі і сігналамі, то ў праўладных мітынгоўцаў шэсце прайшло значна цішэй.

На праўладны марш людзей зноў звозілі з розных рэгіёнаў. Калоны транспарту і аўтобусы, з якіх выгружалі чырвона-зялёныя сцягі, заўважылі ў розных месцах сталіцы. Праўладны марш скончыўся на плошчы Перамогі.

Акцыі пенсіянераў, якія падтрымліваюць перамены, ладзіліся не толькі ў сталіцы. Маршам прайшлі пенсіянеры ў Берасці і ў Горадні. У Гомлі пенсіянераў затрымлівалі.

Пратэставалі сёння не толькі сталыя людзі. Працягваюцца акцыі салідарнасці студэнтаў. У галоўным корпусе БДУ каля сотні маладзёнаў узялі ўдзел у акцыі пратэсту супраць гвалту і новага законапраекту пра пазбаўленне стыпендыяў за 10 гадзінаў прагулу.

Студэнты эканамічнага ўніверсітэту і Акадэміі мастацтваў сталі ў ланцугі салідарнасці, у педагагічным універсітэце пратэставалі супраць звальнення выкладчыка, а ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі падтрымлівалі студэнта, пакаранага арыштам.

Зладзілі чарговую акцыю і студэнты лінгвістычнага ўніверсітэту.

«Студэнты стаялі з аркушыкамі, на якіх напісаныя імёны, у падтрыманне тых, хто цяпер атрымаў 10 содняў, 13 содняў – нашыя студэнткі атрымалі», – распавядае студэнтка МДЛУ.

Падчас суботняй акцыі затрымалі прынамсі васьмярых студэнтаў лінгвістычнага ўніверсітэту. Частку з іх ужо пакаралі соднямі арышту.

«Мы выходзім на маршы, мітынгі, але, на жаль, патрэбная большая падтрымка менавіта насельніцтва».

«За жыццё для нас, лепшае, для нашых бацькоў, я спадзяюся, што мы гэтага даможамся, і я катэгарычна асуджаю сілавыя метады», – кажуць студэнты МДЛУ.

Спыняць акцыяў салідарнасці студэнты не збіраюцца.

Ірына Дарафейчук belsat.eu

Глядзі таксама