«У нас мора чыноўнікаў, якія ні халеры не робяць». Лукашэнка правёў нараду аб спорце


«БАБЛА МАЛА, НЯМА МЕРСЕДЭСАЎ»

«Еўрапейскія гульні» беларусы аплоцяць са сваёй кішэні. Гэта прадугледжваецца бюджэтам, які сёння прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. А напярэдадні Лукашэнка правёў адмысловую нараду аб спорце: выступ кіраўніка краіны разляцеўся на цытаты.

Еўрапейскім гульням быць. Дзяржава цалкам пакрые выдаткі на спартовую імпрэзу, паводле дэпутаткі Палаты Прадстаўнікоў Ганны Канапацкай:

«Я лічу, што тыя грошы, якія мы сёння трацім на правядзенне Еўрапейскіх гульняў, можна было б патраціць на заробкі бюджэтнікам».

Бюджэт зацвердзілі сёння. Міжнародная падзея будзе каштаваць беларусам дзясяткі мільёнаў долараў. Андрэй Маслоўскі, спартовы журналіст «BY.TRIBUNA.COM»:

«Нідэрланды адмовіліся ад правядзення гульняў, лічачы гэта немэтазгодным і эканамічна нявыгадным, то куды мы не так развітая краіна ў эканоміцы. Навошта нам гэта трэба?»

Некаторыя пераконваюць – для падняцця спартовага іміджу Беларусі. Напярэдадні прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту правёў адмысловую нараду, дзе абмяркоўвалі як Еўрапейскія гульні, гэтак і стан спорту ў цэлым.

«У нас паўсюль мора чыноўнікаў, лайдакоў у Палацах спорту, залах ды іншых, якія ні халеры не робяць, нават на працу не ходзяць», – абураецца Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Паседжанне нарабіла нямала шуму. Незалежных журналістаў на імпрэзу не запрасілі, але наш калега Сцяпан Святлоў, ён жа блогер NEXTA, звярнуў увагу на стоп-кадр у рэпартажы дзяржаўнага тэлеканалу АНТ. І вось што запісвалі на нарадзе:

«Бабла мала, няма мерседэсаў, цёлкі на задне…»

На гэтым нататка абрываецца. Запісаў яе ранейшы дыпламат і віцэ-прэм’ер, а цяпер старшыня Беларускай асацыяцыі гольфу Уладзімір Дражын.

«Уладзіміра Несцеравіча сёння няма і не будзе. Не зразумелы такі бурны інтарэс да словаў, вырваных з кантэксту. Каментары былі на TUT.BY», – кажа Святлана Яфіменка, галоўны адмысловец Беларускай асацыяцыі гольфу (па тэлефоне).

Згаданаму парталу функцыянер заявіў, што ўсё сказанае на нарадзе, цытата, «аснова для паспяховага выступу беларускіх спартоўцаў на Еўрапейскіх гульнях у Менску і Алімпіядзе ў Японіі». Пра якіх цёлак ішла гаворка на паседжанні, чыноўнік не паведаміў. Ігар Карней, журналіст Радыё «Свабода»:

«Наўрад ці разумны чалавек, інтэлігентны, будзе ў захапленні ад таго, што гаворыць з трыбуны прэзідэнт. Гэта, вядома, не ўпрыгожвае чалавека».

У цэлым Аляксандр Лукашэнка адзначыўся нестандартнымі прапановамі, як, напрыклад, браць са спартоўцаў грошы за выбар кар’еры за мяжою.

«Вы кажаце, ім там «бабла» адвалілі. Дык заплаці!» – заявіў кіраўнік Беларусі.

Студэнтам, якія паступаюць у ВНУ паводле спартовых прэферэнцыяў, Лукашэнка прапанаваў пажыццёвую адпрацоўку ў спецыяльнасці. Выдалі строгую рэкамендацыю і аб трэнерах: «Каб, скончыўшы адукацыю, трэнер ішоў працаваць. Не? Пазбаўляйце яго дыплому».

«Практыка паказвае, што там, дзе Лукашэнка не ўмешваецца, справы ідуць больш-менш нармальна. Тыя ж тэнісісты, якія жывуць за мяжою, яны паказваюць выдатны вынік. Дастаткова згадаць Вікторыю Азаранку, якая трэнавалася ў ЗША», – гаворыць Ігар Карней, журналіст Радыё «Свабода».

Эксперт мяркуе, спроба сцягнуць грошы або прымусова прывязаць да працы пасля дзяржаўнай адукацыі – навязлівая ідэя Лукашэнкі. Але пакуль за гучнымі заявамі эфекту для айчыннага спорту не відаць.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu