«У мяне дзень за тры ідзе без Сяргея». На чарговым судзе Ціханоўскі атрымаў штраф


Да СІЗА № 1 на Валадарскага, прыехала кандыдатка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская, каб падтрымаць родных Змітра Фурманава, аднаго з фігурантаў «справы Ціханоўскага».

Амаль два месяцы Сяргей Ціханоўскі сядзіць у сталічным следчым ізалятары. Вінавацяць – у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Пакуль вядзецца следства, блогера рэгулярна судзяць онлайн за адміністратыўныя парушэнні. Кожны раз даюць новыя 15 содняў.

«Я абураная кожны дзень. У мяне дзень за тры ідзе без Сяргея. Я разумею, што ён тут сядзіць увогуле ні за што. Папросту за тое, што чалавек аказаўся смелы, выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю, змог пайсці супраць дзейснай улады», – дзеліцца кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская.

Сёння прайшоў трэці суд паводле адміністратыўнай справы супраць Ціханоўскага. Спачатку паведамілі, што працэс пройдзе ў будынку ДАІ на праспекце Дзяржынскага. У выніку ў ДАІ паведамілі, што ўсё ж такі адміністратыўная справа супраць Ціханоўскага будзе адбывацца ў СІЗА № 1 на Валадарскага, таму Святлана Ціханоўская накіравалася туды.

Святлана Сяргея так і не пабачыла. Гэтым разам прысудзілі штраф 81 рубель за выхад на праезджую частку 27 траўня, на пікеце ў Магілёве. Ціханоўскі віны не прызнаў, і пастанова будзе абскарджаная. Падтрымаць блогера прыйшлі каля двух дзясяткаў чалавек. Людзі, якія прыйшлі падтрымаць Сяргея Ціханоўскага падзяліліся думкамі пра «справу Ціханоўскага»:

«Незаконна. Можна ездзіць, абʼяўляць у Магілёве ці яшчэ недзе. Можна ўзяць кожны горад, дзе ён быў, па кожным горадзе можна накінуць па 15 содняў».

«Там справы нейкія сфабрыкаваныя ўсе. Гэта не толькі Сяргея датычыцца. Вельмі шмат сядзіць палітвязняў».

«Гэта незаконна. Мы ўсе бачылі, як яго ўзялі і як яго затрымалі. Ганьба, карацей».

«Відавочна, што справа сфабрыкаваная. Відавочна, што няма ніякіх доказаў супраць тых людзей, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. Іх папросту марозяць перад выбарамі».

Сярод фігурантаў справы – актывісты, блогеры і ўдзельнікі супольнасці «Краіна для жыцця». Пад вартай у межах гэтай справы застаюцца 17 чалавек.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»