У Мілане застрэлілі падазраванага ў нападзе на калядны кірмаш у Берліне

У Мілане застрэлілі падазраванага ў нападзе на калядны кірмаш у Берліне. Уначы паліцэйскі патруль спыніў падазронага мужчыну для правярання дакументаў, але той нечакана адкрыў агонь ды параніў аднаго з праваахоўнікаў у плячо.

МАРКА МІНІЦІ, МІНІСТР УНУТРАНЫХ СПРАВАЎ ІТАЛІІ:

«Пасля правядзення следчых дзеянняў мы можам без цені сумневу канстатаваць, што забіты мужчына – Аніс Амры, верагодны выканаўца атакі ў Берліне».

Аніс Амры паходзіць з гораду Ўэслят’я, з поўначы Тунісу. Адзін з ягоных сяброў ананімна распавёў медыям, што не верыць у сувязь Амры з атакаю ў Берліне. Паводле маладзёна, Амры – «нармальны хлопец», які «проста шукаў лепшага жыцця». Паліцыя ж кажа, што адбіткі пальцаў забітага мужчыны ідэнтычныя з тымі, што былі знойдзеныя ў цяжкавіку, які ўехаў у натоўп на берлінскім кірмашы, а адказнасць за здарэнне ўзяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава».

АБДЭЛЬКАДЭР АМРЫ, БРАТ АНІСА АМРЫ:

«Я кажу ад імя свайго і ўсёй сям’і ды нашага наваколля, калі ён гэта зрабіў, то гэта ганьба для ўсіх нас. Але я ўпэўнены, мой брат не вінаваты. Ён з’ехаў з дому з эканамічных прычынаў, ён з’ехаў, каб дапамагаць сям’і, а не для таго, каб займацца тэрарызмам. Мы не робім такіх рэчаў. Усе тут ведаюць нашую рэпутацыю».

Тым часам сёння ў Нямеччыне, магчыма, перадухілілі чарговую атаку. Паліцыя арыштавала дзве асобы, якія, імаверна, рыхтавалі напад у адным з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў у краіне.

УЛЬРЫХ ФАСБЭНДЭР, ПРЭС-САКРАТАР ПАЛІЦЫІ ЭСЭНУ:

«Учора Эсэнская паліцыя атрымала сігнал з нашых крыніцаў, што плануецца напад на гандлёвы цэнтр у Обэргаўзэне або на калядны кірмаш побач з ім. Мы ўзмацнілі ахову, пасля чаго ўначы арыштавалі двух падазраваных».

Калядныя мерапрыемствы становяцца мэтаю тэрарыстаў не толькі ў Еўропе. Аўстралійскія праваахоўнікі таксама правялі шэраг затрыманняў.

МЭЛКАЛМ ТЭРНБУЛ, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР АЎСТРАЛІІ:

«Аўстралійская федэральная паліцыя арыштавала сем асобаў, працягваюцца вобшукі ў іхных памяшканнях. Мы высветлілі, што мэтаю групы быў падрыў самаробнай выбуховай прылады ў цэнтры Мельбурну, падчас Калядаў».

Але ні тэрарыстычная пагроза, ні ўзмоцненыя захады бяспекі не перашкаджаюць жыхарам заходніх краінаў рыхтавацца да святаў. У Парыжы крамы і кірмашы запоўненыя пакупнікамі.

Берлінскі калядны кірмаш, на якім 20 снежня ў выніку атакі кіроўцы ў цяжкавіку загінулі 12 асобаў, таксама паўторна адкрыў свае дзверы.

Гэтым разам паліцыя ўлічыла сумны досвед апошняга тэракту.

Глядзі таксама