У Менску зладзілі канцэрт памяці стваральніка беларускага року Вітаўта Мартыненкі


Яго называлі музычным геніем і летапісцам беларускага року. Вітаўта Мартыненкі няма з намі ўжо тры гады, але памяць застаецца. У Менску ягоныя сябры-музыкі зладзілі адмысловы канцэрт.

Стваральнік беларускага року – так беларускія музыкі называюць Вітаўта Мартыненку. Паэт, перакладчык, публіцыст і журналіст пайшоў з жыцця 3 гады таму. З нагоды 60-годдзя сябра творцы зайгралі канцэрт ягонай памяці. Сабраліся ўсе – ад бардаў да мастадонтаў, герояў 90-х. І не дзіўна, бо героямі ў вялікай ступені рабіў іх менавіта Вітаўт Мартыненка.

«Вітаўт быў геніяльным чалавекам, які мог і пісаць вершы, і рабіць пераклады, і дапамагаць музыкам, каб беларуская мова, каб нацыя была», – распавядае Андрэй Плясанаў, мастак, музыка.

Ён вёў музычную старонку ў газеце «Чырвоная змена», на якой выхоўваліся пакаленні музыкаў. Разам з крытыкам Анатолем Мяльгуем зладзіў першы рок-клуб «Няміга», пазней дапамагаў дзейнасці музычнага прадзюсарскага цэнтру «БМАgroup».

«БМАgroup выдала каля двухсот дыскаў, і на кожным з іх была прадмова Вітаўта Мартыненкі», – кажа Віталь Супрановіч, прадзюсар цэнтру «БМАgroup».

Вітаўт любіў беларускі рок бескампрамісна і безумоўна рабіў усё для яго развіцця. Музыкі розных пакаленняў сталі героямі кніг «Праз рок-прызму», «222 альбомы беларускага року і не толькі», «Rock On-line». Аўтар усіх гэтых кніг – Вітаўт Мартыненка.

Алесь Таболіч, гурт «Зніч»:

«Для мяне гэта носьбіт беларускай культуры і рок-культуры, які вельмі шмат зрабіў для папулярызацыі менавіта беларускамоўнай рок-культуры ў нашым грамадстве».

Алесь Камоцкі, бард:

«У тыя часы, калі іншыя толькі збіраліся нешта рабіць, ён проста браў і рабіў. Ён вельмі моцна падняў і даў штуршок журналістыцы, якая абмяркоўвала і пісала пра рок, пра бардаўскую песню».

Вітаўт Мартыненка насіў куртку з надпісам «беларус» на плячах, калі пра адраджэнне нацыянальнае культуры бальшыня нават не чула. Акрамя публіцыстыкі, актыўна перакладаў рок-тэксты, таму ў гонар ягонай памяці свет пабачыў дыск песень на словы Вітаўта і ў ягоным перакладзе.

Алесь Мазанік, прадзюсар, выдавец:

«Мінімум 4-5 кружэлак можна было б сабраць тэматычных. Аднак мы вырашылі выдаць найлепшае. Я бачу цікавасць да кніг Вітаўта, якіх было прададзена тысячы, і я бачу, што ягоная справа жыве і цяпер».

Вітаўт Мартыненка памёр на 58-м годзе жыцця, пахаваны на Паўночных могілках Менску.

Галіна Абакунчык belsat.eu