У Менску затрымалі ўдзельнікаў дзвюх акцыяў


У Менску на сёння былі запланаваныя дзве акцыі пратэсту – марш медыкаў і традыцыйны жаночы марш. Сілавікі перашкодзілі і першым, і другім. Затрыманыя прынамсі 57 лекараў. І 11 чалавек, што былі ў цэнтры сталіцы падчас планаванай акцыі жанчын. Затрымалі таксама журналіста-фрылансера Алеся Сіліча, які здымаў сённяшнія пратэсты. Хроніка падзеяў – у матэрыяле Анастасіі Русецкай.

Акцыя салідарнасці медыкаў мела пачацца апоўдні каля першай клінічнай больніцы Менску. Аднак як толькі ўдзельнікі выйшлі з будынку і пачалі надзяваць белыя халаты, да іх накіраваліся сілавікі на мікрааўтобусах. Спачатку пратэстоўцаў папярэдзілі пра адказнасць, а затым пачалі хапаць.

«Мы выйшлі з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі і каб спынілі гвалт на вуліцах, каб не збівалі і іншых людзей, і тым болей медыкаў. Я медык і я выйшла за медыкаў».

«Выбары былі не зусім карэктныя. Вельмі пужае сілавы ціск на наш народ. Велізарны траўматызм. Практычна арыштоўваюць лепшых прадстаўнікоў нацыі».

«Абстаноўка сярод нашых калег агідная. Аднаго з нашых калегаў асудзілі на 15 содняў – Салаўя Станіслава Вячаслававіча. Гэта мой сябар, гэта мой калега, з якім мы працуем ужо больш за чатыры гады. Для мяне гэта вельмі складана. Я нават губляюся ў апісаннях свайго эмацыйнага стану. Гэта ўсё праносіцца праз нас, праз сэрца», – кажуць удзельнікі акцыі медыкаў.

Аўтазакі для затрыманняў былі падрыхтаваныя загадзя. На паркоўцы каля Акадэміі навук яны з’явіліся прыкладна за гадзіну да пачатку акцыі.

«Дарагія дактары! Як кожны беларус, я захапляюся вашай адвагаю і працоўным подзвігам. Вы ратуеце нашую краіну ад ужо другой хвалі каронавіруса. Вы падтрымліваеце студэнтаў БДМУ ў іхным пратэсце. Вы праводзіце акцыі салідарнасці са страйкоўцамі ды ўсімі, хто вядзе мірную барацьбу за перамены. Беларускі народ удзячны вам за кожны гэты ўчынак», – сказала Святлана Ціханоўская ў звароце да лекараў.

Паводле звестак праваабаронцаў, затрымалі прынамсі 57 медыкаў. У пастарунках на затрыманых складалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, а значыць наперадзе суд. Некаторых медыкаў пасля гэтага адпускалі. Іншых адвозілі на Акрэсціна.

На традыцыйны марш па цэнтры сталіцы, як і кожную суботу, спрабавалі сёння выйсці і жанчыны. Аднак сілавікі і тут распачалі хапун фактычна да пачатку акцыі. Пры гэтым затрымлівалі і выпадковых мінакоў. Праваабаронцам вядомыя імёны 11 затрыманых.

«Канешне страшна. Я сама сядзела 11 содняў. Нядаўна хлопца забіралі, ён толькі нядаўна выйшаў. Страшна, але ўсё роўна нельга баяцца. Трэба нешта рабіць далей».

«Гэта выхад за свабоду, за салідарнасць са сваім народам. І калі б не ўсе, хто ў нас ёсць, усе, хто выходзіць, напэўна, не атрымалася б нешта змяніць».

«Мы ўжо проста не будзем цярпець гэтае поўнае беззаконне. Дэфолт такі, што, мне здаецца, прэцэдэнтаў у свеце па пальцах пералічыць».

«Я думаю, што наша краіна гатовая да гэтых пераменаў. І яны ў хуткім часе ўсё ж такі адбудуцца», – гавораць удзельніцы Жаночага маршу.

Жаночыя шэсці з кветкамі праходзілі штосуботу ў Менску паўтара месяца. Сёння ж у Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі сталіцу ўпрыгожвалі букеты каля помніка Леніну.

Анастасія Русецкая Белсат