Аб'ектыў 14.09.2019 У Менску з’явіўся «разумны» прыпынак плошчай 40 кв. м.


Першы прыпынак, з якога можна і тэлефон даладаваць, і расклад руху транспарту даведацца, і таксі, калі трэба, вызваць, з’явіўся каля станцыі метро «Няміга».

Апроч пералічанага, на прыпынку таксама ёсць кнопка для выкліку ратаўнікоў і міліцыі, аўтаматы з папулярнымі дробнымі таварамі, банкаматы ды інфакіёскі. Сам прыпынак, які абышоўся больш як на 100 тысячаў долараў інвестыцыяў кампаніі «ГІГ Інвест», займае 40 квадратных метраў.

Відэарэпартаж глядзіце ў поўным выданні навінаў за 14 верасня

Пра ўражанні ад прыпынку мы запыталіся ў менскіх пасажыраў. І вось што яны сказалі:

«Тут ёсць шмат опцыяў. Ёсць, як я бачу, і магчымасць зняць грошы, заплаціць карткаю за каву, гарбату і гэтак далей».

«Гэта выдатна, бо часта тэлефон разладоўваецца. Гэта наш штодзённы гаджэт, і мы карыстаемся ім амаль 24/7, таму гэта зручна».

«Тут шмат турыстаў ходзіць. Можа быць, ім яна дапаможа лепш зарыентавацца. Падключыцца да інтэрнэту і знайсці тое, што іх цікавіць. На ўскраіне гораду – я сама неяк жыла – дом-праца. Тут усё ж больш людзей. Мне падаецца, што гэта актуальна толькі для цэнтру гораду».

«Напраўду кажучы, я лічу, што ўсё гэта глупства. Гэта растрата грошай. Бо, па сутнасці, у Менску можна знайсці шмат прыпынкаў, якім патрэбны рамонт, у якіх папросту няма даху, каб схавацца ад дажджу».

«Дзякуй вялікі тым, хто стварыў гэткі цуд. Адзіная заўвага, што тут рэпрэзентаваныя два банкаматы аднаго банку. Можа быць, дадаць банкаматы і іншых банкаў, было б нядрэнна!»

«Я думаю, што замест таго, каб рабіць адзін дарагі прыпынак, можна б было зрабіць больш танных».

Уладальнікі прыпынку не плануюць спыняцца на адной Нямізе – цягам трох гадоў кампанія «ГІГ Інвест» разлічвае на з’яўленне каля сотні падобных пляцовак па ўсёй сталіцы.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары