У Менску вынеслі прысуд за карупцыю ў школьных сталоўках


У Менску працягваюць судзіць фігурантаў справы аб карупцыі ў галіне школьнага харчавання. Сёння абвесцілі прысуд – 3 гады пазбаўлення волі для дырэктаркі камбінату школьнага харчавання Савецкага раёну сталіцы. Якую ролю асуджаная выконвала ў карупцыйным клубку? І якая ўзаемасувязь ёсць паміж якасцю ежы для вучняў і хабарніцтвам?

Адказная за школьнае харчаванне ў Савецкім раёне Менску Юлія Ільіна атрымала тры гады калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Наступныя пяць гадоў яна не зможа займаць адпаведныя пасады ў гаспадарчай галіне. Пры журналістах асуджаная хавае твар. Што праўда, Святлана, сяброўка асуджанай, пры ўмове схаваць твар у эфіры даводзіць, што грошай Ільіна не брала і не насіла:

«У яе не было ніводнага адміністратыўнага пратаколу, нават за пераход вуліцы ў неналежным месцы. Гэта проста выключны чалавек. Таму – гэта несправядліва. (…) Яна трапіла пад кола сістэмы КДБ. Усё. Гэта адзіная прычына».

Паводле версіі следства, справа Ільіной – толькі частка агульнай схемы. Гэтак кіраўнікі камбінатаў школьнага харчавання меліся браць адкаты ў бізнесоўцаў за пастаўку харчоў паводле завышаных коштаў. Пакрываць іх меўся былы кіраўнік галоўнага спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргей Барысевіч. Агульная сума прыбытку за гэтую «крышу» склала больш за 17 тысячаў долараў.

«У беларускіх дзяржаўных установах месца для злоўжывання сваёй пасадай, для нейкіх там махінацый, вядома ж, ёсць паўсюль. Мы гэта бачым цяпер і ў медыцыне, калі там пачкамі арыштоўваюць, быццам бы раней такога ніхто не ведаў», – каментуе Дзяніс Садоўскі, сакратар БХД.

Вядома, што грошы для Барысевіча, які таксама дзяліўся «данінай» з былым намеснікам старшыні Менгарвыканкаму Андрэем Дамарацкім, кіраўнікі камбінатаў школьнага харчавання дапамагалі збіраць і беспасярэдне са школьных сталовак. За гэта ім змяншалі колькасць правяранняў і заплюшчвалі вочы на парушэнні. А як увогуле ў нас выглядае сітуацыя з якасцю школьнай ежы – ці задаволеныя кліенты якасцю?

«Ёсць такія прадукты, якія дзеці ядуць, а ёсць такія, якія не. Некалі проста грошы плаціш, а яны пакалупаюць вілкай ды і ўсё».

«Большую частку таго, што ім прапаноўваюць, яна проста не есць. Не смачна. Яна да гэтага не прызвычаілася. Сасіскі з бульбай».

«У нас няблага дзяцей кормяць у школе, нам падабаецца».

Ці стала цяпер менш карупцыі ў галіне школьнага харчавання – пытанне рытарычнае. Ніводны з працаўнікоў установаў сярэдняй адукацыі, да якіх мы звярталіся, нават не адважыўся каментаваць сітуацыю.

Юлія Лабанава, belsat.eu