У Менску ўзнагародзілі абаронцаў дзікай прыроды


Прэмія заснаваная сусветнай арганізацыяй «Birdlife International» 3 гады таму. Беларускім партнёрам арганізацыі з’ўляецца «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Іх прадстаўнікі і ўручалі сёння міжнародную ўзнагароду з Кембрыджу прыродным абаронцам.

Адным з лаўрэатам міжнароднай узнагароды стаў маларыцкі арнітолаг. Больш за дзесяць гадоў ён вывучае птаства. Арнітолаг зрабіў некалькі дзясяткаў штучных гнёздаў для соваў ды іншых драпежнікаў.

Ён таксама адкрыў 5 новых для Беларусі відаў птушак. Тры з іх злавіў і акальцаваў. Кажа, што іхны палёт праз нашую краіну спрагназаваў.

«Тры апошнія віды, мы чакалі іх. Таксама выкарыстоўвалі іх гэтыя галасы і яны на іх клюнулі», – узгадвае Дзяніс.

Арнітолаг з калегамі заснаваў станцыю кальцавання птушак «Сасновы бор«. Грошы на сеткі і кольцы для птушак сабралі ў інтэрнэце. На станцыі вывучаюць, куды і як ляцяць птушкі.

«Ёсць птушкі аселыя, якія нікуды не злятаюць, а ёсць якія далёка па Еўропе вандруюць і гэта таксама цікава даведацца, бо без такога метаду гэта амаль немагчыма», – кажа Дзяніс.

Дзяніс з калегам таксама здолеў знайсці і сфатаграфаваць вавёрку-палятуху ў Беларусі. Апошнія 20 гадоў ніхто з навукоўцаў яе не бачыў у нашай краіне. Жывёліну знайшлі на тэрыторыі толькі двух раёнаў, хоць раней яна сустракалася яшчэ ў некалькіх мясцінах.

«Мы зараз спрабуем як можна больш месцаў, якія мы знайшлі, перадасць пад ахову дзяржаве-землекарыстальніку. Другая справа гэты землекарыстальнік не вельмі хоча іх прымаць, бо вялікія тэрыторыі. І мы спрабуем данесці, што мы толькі вам можам перадаць вавёрку, бо яе нідзе больш у Беларусі няма», – кажа арнітолаг.

Прэмія абаронцы дзікай прыроды ўручаецца трэці год. У кожнай краіне вылучаюцца максімальна тры лаўрэаты. Арганізацыя-партнёр (у Беларусі гэта Ахова птушак Бацькаўшчыны) прапаноўвае свае кандыдатуры, а міжнародная асацыяцыя «Birdlife International» зацвярджае іх. Сёлета акрамя Дзяніса Кіцеля ўзнагароду атрымаў прыродаахоўнік і папулярызатар птушкавання Руслан Шайкін і рэжысёр дзясяткаў фільмаў пра жывёлінаў Ігар Бышнёў.

«Ігар Бышнёў – вядомы анімаліст, які ўжо больш за 20 гадоў здымае фільмы. Руслан Шайкін – ён аднавіў заказнік, які калісьці быў і яго закрылі, заказнік «Сакаліны» пад Менскам у Мачулішчах», – кажа дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Званне абаронцаў дзікай прыроды надаюць за дасягненні ў ахове і маніторынгу дзікай прыроды, у кіраванні ахоўнымі тэрыторыямі ды папулярызацыі дзікай прыроды.

Наста Кахановіч belsat.eu