У Менску ўзгадалі Нямцова. Дык хто ж замовіў забойства?


Няшмат людзей, сціплыя букеты, знічы на плоце і міліцыянты ў форме ды цывільным. Акцыю памяці Барыса Нямцова ў Менску зладзіла Аб’яднаная грамадзянская партыя, палітычна блізкая забітаму. Кветкі прынеслі да расейскай амбасады, бо… куды яшчэ іх несці?

«Спадзяюся, што пры дэмакратычнай уладзе тут будзе вуліца Барыса Нямцова ці нейкая шыльда, куды можна будзе прыйсці і ўскласці кветкі. Ужо ёсць сквер у Вашынгтоне, вуліца ў Вільні», – зазначыў лідар АГП Анатоль Лябедзька.

Роўна тры гады таму Барыса Нямцова застрэлілі ў спіну на Вялікім Маскварэцкім мосце непадалёк Крамля. У мінулым ліпені выканаўцу забойства чачэнца Заура Дадаева пасадзілі на 20 гадоў турмы, саўдзельнікі атрымалі ад 11-ц да 19-ці гадоў. Сваякі ды паплечнікі Нямцова настойваюць на датычнасці да злачынства Рамзана Кадырава і ягоных сілавікоў, але следства не дапытала нікога з кіраўніцтва Чачэніі.

Расея захоўвае памяць пра палітыка

У нядзелю 25-га лютага ў розных гарадах Расеі прайшлі маршы ў памяць Нямцова. Сёння – ускладанне кветак, у тым ліку ў Маскве на месцы ягонай смерці.

Навуковец, кандыдат фізіка-матэматычных навук, пасля развалу СССР Барыс Нямцоў быў губернатарам Ніжагародскай вобласці, а ва ўрадзе Ельцына – міністрам энергетыкі ды віцэ-прэмʼерам. Нямцоў некалькі разоў быў дэпутатам Дзярждумы, браў удзел у стварэнні некалькіх расейскіх партыяў і рухаў. Выступаў супраць вайны ў Чачэніі ды расейскай гібрыднай агрэсіі ва Украіне. Быў праціўнікам дыктатуры як у Расеі, гэтак і ў Беларусі.

Праблемы з уладамі Беларусі

У 2002-ым годзе Барыса Нямцова ды Ірыну Хакамаду ў аэрапорце «Менск-1» затрымалі працаўнікі КДБ. Іх дэпартавалі самалётам у Маскву як пагрозу нацыянальнай бяспецы Беларусі. Нібыта Нямцоў прывёз $ 50 тыс. беларускай апазіцыі.

»Мяне дэпартавалі пасля таго, як мне КДБ падкінулі долары. Мы з Хакамадай са здзіўленнем паглядзелі, я ім задаў пытанне, якое не паказалі па беларускім каналам: вы сюды ўвесь бюджэт краіны прынеслі? Пасля гэтага яны пакрыўдзіліся і мяне зрабілі персонай нон-грата», – апісваў Нямцоў перажытае ў беларускай сталіцы.

Нямцоў сябраваў з Анатолем Лябедзькам, заяўляў пра адзінства мэтаў Абʼяднанай грамадзянскай партыі ды Рэспубліканскай партыі Расеі. Ён заклікаў лідараў еўрапейскіх краінаў не ехаць на чэмпіянат свету па хакеі ў Менску і Алімпійскія гульні ў Сочы, каб не легітымізаваць дыктатараў. Папярэджваў пра пагрозу ўвядзення расейскіх войскаў у Беларусь.

Адная з апошніх працаў Нямцова – справаздача «Пуцін. Вайна»

Гэты дакумент – аб расейскай гібрыднай агрэсіі ва Украіне. Яго апублікавалі пасмяротна.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»