У Менску ўтварылася сметнішча са свіных чарапоў


Несанкцыянаваны жывёльны могільнік утварыўся ў адселенай частцы прыватнага сектару на вуліцы Чыжэўскіх. Заставацца доўга тут немагчыма, смурод бʼе ў нос. Паводле прыблізных падлікаў, у пяці кучах ляжыць не менш за сотню свіных галоваў. Недалёка ад сметнішча стаіць яшчэ жылы дом, з вокнаў якога бачнае месца, дзе выкідваюць галовы.

«Кучы… з месяц недзе. Вецер дзьмуў, і пах такі, нейкай падлай. Я думаў, што гэта каналізацыя», – кажа мясцовы жыхар Юрый Марціноўскі.

Паводле інфармацыі «Белсату», міліцыя праводзіць правяранне па факце знойдзеных чарапоў. Аднак адкуль яны маглі зʼявіцца ў Менску, усцяж невядома.

«Буйныя прадпрыемствы тысячамі перапрацоўваюць жывёлу. А сотні – гэта, хутчэй за ўсё, падпольная вытворчасць, што не можа перапрацаваць. Хутчэй за ўсё, гэта не за адзін дзень сабралася. Гэта месяцамі збіралася», – лічыць спецыяліст у галіне сельскай гаспадаркі Мікалай Лысянкоў.

Мясцовыя жыхары кажуць, што ў ваколіцах перапрацоўваннем мяса ніхто не займаецца. Недалёка ад сметнішча есць некалькі буйных гіпермаркетаў і два рынкі, Чэрвеньскі і Чыжоўскі, але мяса прадаюць толькі на Чыжоўскім. Жыхароў, якія яшчэ засталіся на вуліцы Чыжэўскіх, несанкцыянаваны жывёльны могільнік не здзіўляе. Яны кажуць, што і з адсяленнем жыццё ў паўразбураным прыватным сектары не спынілася.

«Прыязджаюць нейкія дзялкі па вывазе будаўнічага смецця і закідваюць сваімі мяхамі. За сметнішча ж трэба грошы плаціць, нейкі хабар. А яны проста вывезлі сюды і скінулі».

«Гэта тупік. У тупік заехаў, справа-злева кусты, і ніхто не бачыць. Прывозь і выгружай што хочаш».

«Тут бывае раніцай, у шэсць, палову сёмай прылятае дрон. Але каб хтосьці нейкі парадак наводзіў… Вы на той бок пераедзьце, там прыпынак, метраў 30 яшчэ праедзьце, стаяць два смеццевыя кантэйнеры. Там накідаюць столькі, павінен жа быць майстар ЖЭСу».

Аднак камунальнікі сцвярджаюць, што за адселеныя тэрыторыі не адказваюць.

«Тэрыторыя адыходзіць пад забудову, значыць хтосьці дом адсяляў. Адсяленнем займалася арганізацыя забудоўніка. Таму, як варыянт, павінны прыбіраць забудоўнікі. Ну ці «Зялёнбуд», які абслугоўвае гэты прыватны сектар», – кажа старэйшы майстар ЖЭС № 122.

Каментар ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму, якое і праектавала будучы мікрараён на гэтым месцы, атрымаць не ўдалося. Мы спрабавалі высветліць, хто адказвае за тэрыторыю і павінен прыбраць сметнішча з чарапоў у санстанцыі і ветстанцыі Ленінскага раёну сталіцы, але там пра сітуацыю ўвогуле нічога не ведалі. З дырэктарам «Зялёнбуду» Ленінскага раёну не ўдавалася звязацца два дні.

«У нас тут мерапрыемства ў парку Грэкавай, ён там прысутнічае пакуль», – сказала сакратар.

На момант рыхтавання матэрыялу свіных чарапоў ніхто так і не прыбраў.

Алена Дубовік, «Белсат»