У Менску ўшанавалі памяць афганцаў


Каля 30 тысяч беларусаў прайшлі праз Афганістан. Лічба, параўнальная з колькасцю насельніцтва ў Наваградку. Больш за паўтары тысячы з іх атрымалі раненні. На высокім узроўні воінаў-інтэрнацыяналістаў згадвалі сёння на Востраве слёзаў у Менску.

«Неабходна заўсёды памятаць усіх абаронцаў бацькаўшчыны, як бы ні гучала пафасна. Правільна азначылі, гэта былі абаронцы бацькаўшчыны на дальніх подступах, яны змагаліся з тэрарызмам далёка ад сваёй радзімы, але дзеля таго, каб тэрарызм не прыйшоў на іхную зямлю», – кажа міністр унутраных справаў Юрый Караеў.

Савецкія войскі ўвайшлі ў Афганістан у 1979 годзе, каб падтрымаць праўладныя сілы краіны ў барацьбе супраць маджахедаў. Беларусы ў складзе арміі СССР ваявалі ў Афганістане. Адзін з іх – Барыс Дубоўскі. Цяпер ён клапоціцца пра тое, каб памяць пра яго і саслужыўцаў жыла: вырабляе сувеніры і аддае музеям воінаў-інтэрнацыяналістаў у розных гарадах.

«Гэта на базе мапы дыслакацыі войскаў у нас зроблена. З партрэтамі юбілярам рабіў. Тут наш Востраў слёзаў, базы мяцежнікаў адзначаны, рэгулярнае афганскае войска», – паказвае сувеніры Барыс Дубоўскі.

У Кандагар спадар Барыс трапіў у дваццаць гадоў. Больш за паўтара года быў ён у Афганістане і вярнуўся з дэфектам маўлення. Вылекаваўся і цяпер займаецца грамадскай дзейнасцю ў Менскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане. А пра тамтэйшую службу згадваць не любіць.

«Усю праўду пра гэту вайну ад А да Я ніхто не даведаецца. Не хочуць, усю-усю праўду, дасканала, ніхто не будзе расказваць. Ёсць нюансы, якія не расказваюцца», – кажа ветэран.

Вымпелы, магніцікі і сцягі. Усё Барыс вырабляе са сваёй пенсіі. А з ільготаў для ветэранаў застаўся бясплатны праезд.

«Практычна нічога няма, усё знялі. Тады, калі было 20 гадоў вываду войскаў з Афганістану, тады акурат гэтыя ільготы і знялі з нас», – кажа Барыс Барысавіч.

Цяпер у Беларусі жывуць каля дваццаці чатырох тысяч ветэранаў-інтэрнацыяналістаў. І паўтысячы з іх – інваліды вайны.

Мемарыял памяці ў Менску пачалі будаваць яшчэ ў часе ваенных дзеянняў, і пасля ягонага адкрыцця ў 96-м штогод 15 лютага тут збіраюцца тыя, хто прайшоў тую вайну.

«Не спіш начамі, думаеш пра гэту вайну. Але ўсё роўна, добрымі думкамі ўсё канчаецца. Але думаць варта аб жывых, аб дзецях, жонках», – расказвае Уладзімір, ветэран вайны ў Афганістане.

«Не спіш, усё гэтае жыццё пракручваецца ў галаве ўвесь час», – кажа Руслан, ветэран вайны.

Тых, хто не вярнуўся ў Беларусь з Афганістану амаль 800 чалавек, іх імёны высечаныя ўнутры капліцы. З атрыманнем незалежнасці нашая краіна не ўдзельнічае ў вайсковых канфліктах.

Наста Кахановіч, «Белсат»