У Менску сустрэліся легендарныя дэпутаты Вярхоўнага Савету 90-х


Сяброўскае паседжанне было прымеркаванае да юбілею асноўнага закону краіны.

Канстытуцыі Беларусі амаль 25 гадоў. Яе стваралі і прымалі даволі цяжка, з супрацівам, але менавіта Канстытуцыя 1994-га года замацавала наш суверэнітэт, кажа Валянцін Голубеў, удзельнік працоўнай групы па напісанні асноўнага закону.

Відэаверсія рэпартажу выйшла ў поўным выданні вечаровых навінаў за 9 лютага:

«Калі мы зрабілі Канстытуцыю незалежнай Рэспублікі Беларусь, для мяне стала зразумелым, што дзяржава адбылася, яна будзе жыць, і за яе можна змагацца», – дадаў Голубеў.

Дакумент атрымаўся ў цэлым збалансаваны, кажа Лявон Баршчэўскі. Але не ідэальным.

«Былі хібы ў фармулёўцы раздзялення ўладаў: прэзідэнцкія паўнамоцтвы, парламента, судовых органаў і гэтак далей. Гэта былі правільныя фразы, але яны дазвалялі розначытанні. Гэта было потым выкарыстана, каб змяніць Канстытуцыю, і яе не да канца выконваць», – кажа дэпутат Вярхоўнага Савету 12 склікання Лявон Баршчэўскі.

Удзельнікі сённяшняй сустрэчы ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры – дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га і 13-га склікання, сапраўдныя народныя абраннікі 1990-х гадоў.

«Сабраліся дэпутаты не толькі каб адсвяткаваць гэтую нагоду, а таксама каб абмеркаваць, што трэба рабіць, і аб’яднаць намаганні, каб абараняць нашую незалежнасць», – кажа дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га склікання Аляксандр Дабравольскі.

Былі на сённяшняй сустрэчы і ўдзельнікі галадоўкі ў парламенце, акцыі пратэсту супраць рэферэндуму аб змене Канстытуцыі, ініцыяванага Лукашэнкам. Тады, у красавіку 1995-га, Лукашэнка ўжыў спецназ для збіцця і разгону дэпутатаў. У выніку пасля змены Канстытуцыі Беларусь адмовілася ад нацыянальных сімвалаў: бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня»; расейская мова стала дамінаваць у дзяржаўных дакументах, і рэспубліка, якая магла стаць краінай Еўразвязу, стала аўтарытарнай дзяржавай, саюзнай Расеі.

9 лютага 2019 года. Калектыўны партрэт дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га і 13-га скліканняў

Другі старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб зазначае, што ў медыях «ідзе абмеркаванне пытання Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, пра ўваходжанне Беларусі ў Расею цалкам ці асобнымі вобласцямі».

А таму – нагоды клапаціцца пра незалежнасць зноўку ёсць.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»